«Сёння мы даведаліся, што суд над Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам і іншымі ўдзельнікамі іх крымінальнай справы можа адбыцца наўпрост у гомельскім СІЗА.
Чаму? Таму што рэжым баіцца.
Яны баяцца праўды. Бо дзякуючы адчайнаму ўчынку Сцяпана Латыпава мы даведаліся пра катаванні і пагрозы яго родным. Ігар Лосік можа расказаць, праз што прайшоў у карцары і падчас галадовак.
Яны баяцца сілы. У зале суда мы бачылі няскоранага Віктара Бабарыку, які паказваў сэрца. Мы бачылі Паўла Севярынца, які скандаваў: «Верым! Можам! Пераможам!».
Яны баяцца ўсіх нас. Ім бы вельмі хацелася ўбачыць Мікалая Статкевіча і Сяргея Ціханоўскага спалоханымі, каб яны здаліся, але разумеюць, што гэтага не будзе.
«Я буду сядзець столькі, колькі дазволяць беларусы», – сказаў Сяргей. І я заклікаю кожнага дзейнічаць усімі даступнымі спосабамі – каб нашы нязломныя героі нарэшце вярнуліся дадому».
Відэазварот вы можаце паглядзець тут.