Ціханоўская: «Сёння я хачу падтрымаць усіх, хто выйшаў на пікеты на мяжы. Я ведаю, што гэта вымушаны, адчайны крок. Але беларусы ў Літве і Польшчы ідуць на яго дзеля таго, каб дапамагчы беларусам, якія знаходзяцца па той бок мяжы.
Па той бок – дзевяць мільёнаў закладнікаў. З кожным днём іх жыццё становіцца ўсё цяжэй і страшней. Катаванні, шматгадовыя крымінальныя тэрміны, звальненні, выкраданні людзей з уласных дамоў – вось, як гэта, быць на тым баку. І вось чаму мы патрабуем перакрыць усялякае супрацоўніцтва з рэжымам і адкрыць наземную мяжу на выезд з Беларусі. Гэтага патрабуюць актывісты на пікеце, гэтага патрабую я і гэтага патрабуюць усе дэмакратычныя сілы.
Я дзякую кожнаму, хто зараз стаіць на мяжы. Я з вамі і я веру, што гэтыя пункты пропуску хутка перастануць быць уездам у лагер для палонных, а стануць брамамі ў наш родны дом».