Святлана Ціханоўская выступіла на канферэнцыі па Беларусі ў Інстытуце міжнародных адносін (IAI) з удзелам 55 экспертаў і спецыялістаў па міжнародных адносінах. Падчас канферэнцыі абмяркоўваліся фарматы перамоў, спосабы ціску на рэжым і падтрымкі грамадзянскай супольнасці, эфектыўнасць санкцый, а таксама чым яшчэ Італія можа дапамагчы беларусам.
«Рэвалюцыя беларусаў – не за ўсход ці захад, поўнач ці поўдзень. Яна за свабоду і незалежнасць. Мы хочам жыць у свабоднай, бяспечнай краіне. І мы просім падтрымаць нашую барацьбу. Рэжым загнаў краіну ў крызіс. Мы прапануем мірнае вырашэнне крызісу, у той час як рэжым трымаецца толькі на гвалце», – заявіла Ціханоўская.
Поўная прамова Святланы Ціханоўскай на канферэнцыі:
«Паважаныя спадарыні і спадары,
Для мяне вялікі гонар і задавальненне выступаць сёння перад вамі. На жаль, я тут, таму што мая краіна сутыкнулася з праваабарончым і палітычным крызісам, сапраўдным крызісам узроўню Чарнобыля – праз 35 гадоў.
Дадзены крызіс выкліканы грэбаваннем да чалавечага жыцця і годнасці. Рэжым хлусіў пра маштабы пандэміі каранавіруса, ён хлусіў пра вынікі выбараў і да гэтага часу хлусіць пра палітычны пераслед і палітычных зняволеных.
Беларусы сказалі дыктатуры рашучае «баста», яны адстаялі сваю годнасць і правы чалавека. І свет стаў сведкам сапраўднай прыроды гэтых свабодалюбных людзей.
Салідарнасць ляжыць у аснове таго, што адбываецца ў Беларусі. Менавіта салідарнасць вывела людзей на вуліцы, каб паказаць, што яны ўстануць на абарону кожнага з тых 32 000 чалавек, якія былі затрыманыя, зведалі катаванні або рэпрэсаваныя іншым чынам. Салідарнасць з 360 палітычнымі вязнямі, якія з'яўляюцца закладнікамі рэжыму, прымушае нас рухацца наперад. Менавіта салідарнасць дапамагла нам стварыць кааліцыю з нашымі міжнароднымі сябрамі. Менавіта гэтая салідарнасць патрэбная нам зараз больш, чым калі-небудзь.
Навіны з Беларусі ў нашыя дні змрочныя. Назваць каго-небудзь экстрэмістам, тэрарыстам – гэта новы інструмент пераследу і падаўлення каго-небудзь, хто выказвае супрацьлеглае рэжыму меркаванне. Яны дадалі ў спіс экстрэмістаў і тэрарыстаў блогераў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і палітычных актывістаў. Маё імя таксама ў гэтым спісе. Але гэта не прымусіць мяне замаўчаць, не спыніць мяне са шляху, які я абрала, каб абараніць сваю краіну.
А нашую краіну трэба абараняць. Лукашэнка выкарыстоўвае крызіс і ўзмацненне страху для прасоўвання саюза з Расіяй. На карту пастаўленыя нашая незалежнасць і суверэнітэт.
Ён таксама спрабуе ўвесці неканстытуцыйны ўказ, згодна з якім кантраляваная ім Рада бяспекі Беларусі стане яго пераемнікам. На карту пастаўленыя наша канстытуцыя і вяршэнства закона.
Таму мы выступаем за правядзенне перамоў аб мірнай перадачы ўлады. Мы працуем з нашымі міжнароднымі партнёрамі і, у прыватнасці, з АБСЕ над фарматам і рамкамі такіх перамоваў.
Мы разглядаем гэта як патройны працэс:
1. Па-першае, нацыянальны дыялог і прымірэнне на аснове вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і аднаўлення іх правоў;
2. Другія і цэнтральныя ў працэсе – новыя свабодныя і справядлівыя выбары;
3. Па-трэцяе, рэформа палітычнай сістэмы, аднаўленне вяршэнства закона і павага да правоў чалавека.
У гэтым годзе павінны адбыцца новыя свабодныя і справядлівыя прэзідэнцкія выбары пад міжнародным назіраннем. Мы заклікаем Італію працягваць узмацняць ціск на рэжым Лукашэнкі, каб прымусіць яго вызваліць палітычных зняволеных у Беларусі, спыніць гвалт і рэпрэсіі, а таксама заклікаем падтрымаць наш намер правесці перамовы, якія прывядуць нас да новых прэзідэнцкіх выбараў.
Мы заклікаем італьянскі ўрад выкарыстоўваць сваю міжнародную дыпламатычную рэпутацыю, каб пераканаць беларускі рэжым пайсці на перамовы з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл, пакласці канец палітычнага крызісу і крызісу ў галіне правоў чалавека.
Італія разам з іншымі еўрапейскімі краінамі магла б стварыць кааліцыю за дэмакратычную Беларусь. Мы хочам разбурыць уяўленне пра тое, што Беларусь знаходзіцца ў палітычным становішчы паміж Усходам і Захадам. Мы заклікаем урад Італіі падтрымаць 4-ты пакет санкцый ЕС. Для забеспячэння доўгатэрміновага ўстойлівага развіцця новай і дэмакратычнай Беларусі вельмі важна зрабіць свой унёсак у Усёабдымны план для Беларусі, абвешчаны Еўракамісіяй.
Мы заклікаем вас не прызнаваць ніякіх здзелак або пагадненняў, падпісаных Лукашэнкам. Былы прэзідэнт спрабуе заручыцца падтрымкай аўтарытарных дзяржаў, каб падоўжыць сваё знаходжанне ва ўладзе, ён гатовы гандляваць суверэнітэтам і незалежнасцю Беларусі па частках або цалкам. Аднак любое міжнароднае пагадненне, падпісанае з нелегітымным Лукашэнкам ці яго рэжымам, можа быць перагледжана.
Італіі варта часова замарозіць інвестыцыі і рэінвестыцыі ў Беларусь з-за высокіх дзелавых і рэпутацыйнай рызыкі. Аднак варта працягваць існуючыя інвестыцыйныя праекты, паколькі яны важныя для будучыні Беларусі. Італія таксама павінна параіць еўрапейскім банкам адмовіцца ад размяшчэння дзяржаўных аблігацый Беларусі – папулярнага метаду мабілізацыі сродкаў безграшовым рэжымам Лукашэнкі.
Мы заклікаем Італію распрацаваць сістэмны падыход да вырашэння беларускага крызісу і зрабіць свой унёсак у падтрымку ахвяраў катаванняў і жорсткасці з боку паліцыі, незалежных прафсаюзаў, страйкавых камітэтаў і малога бізнесу падчас працягвання крызісу і палітычных пераўтварэнняў.
Нам патрэбная падтрымка Італіі ў закліку да міжнароднага расследавання парушэнняў правоў чалавека пры падтрымцы ўрадаў і арганізацый, такіх як ААН і АБСЕ. Мы заклікаем падтрымаць Міжнародную платформу для збору доказаў парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі (IAPB), паколькі яна ўзяла на сябе адказнасць за збор, праверку і захаванне доказаў сур'ёзных парушэнняў міжнародных праваабарончых законаў, учыненых у Беларусі.
Вялікай дапамогай магло б стаць адкрыццё Італіяй гуманітарнага калідора для беларусаў і запуск праграмы рэабілітацыі для тых, хто стаў ахвярай рэпрэсій ці гвалту з боку беларускага рэжыму і сілавікоў. Вы таксама можаце аднавіць чарнобыльскія праграмы абмену і запрасіць дзяцей з Гомельскай вобласці ў Італію. Акрамя відавочнай карысці для здароўя такіх дзяцей, гэта дапамагае будаваць гарызантальныя сувязі паміж нашымі грамадствамі.
Італія – краіна, вядомая сваім свабодалюбствам і рухам супраціву не менш за Беларусь. Толькі на мінулым тыдні вы святкавалі l'Anniversario della Resistenza. Мы – новы Супраціў у сэрцы Еўропы, і мы заклікаем вас да вашай непахіснай падтрымкі».