У нас тры задачы: спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітзняволеных і правесці новыя свабодныя выбары.
Выкананне гэтых задач дазволіць Беларусі выйсці з палітычнага крызісу.
Негвалтоўныя дзеянні – эфектыўны спосаб дамагчыся пераменаў. Чаму?
1. Дзейнічаючы падкрэслена мірна і без гвалту, мы маем маральную перавагу. Людзі не любяць гвалт, і яны будуць на нашым баку. Нашая барацьба адбываецца на вачах у грамадства, па сутнасці, гэта барацьба за сімпатыі грамадства.
2. Мы будзем упэўненыя ў сваёй праваце таму, што не ўжываем гвалт, і наш маральны дух будзе моцны.
3. Рэжым абраў шлях гвалту, ён узброіў і экіпаваў дзясяткі тысяч паднявольных сілавікоў, і яны гатовыя да гвалту. Але ім няёмка ўжываць гвалт супраць мірных пратэстоўцаў. Яны былі б радыя, каб гвалт ужылі мы, тады яны атрымалі б апраўданне сваёй жорсткасці і пазбавіліся ад згрызот сумлення і асуджэння грамадства.
4. Супраць узброеных груповак партызанская барацьба больш эфектыўная, чым прамыя сутыкненні.
5. Існуюць даследаванні, якія даказваюць, што негвалтоўныя дзеянні часцей і надзейней прыводзяць да пазітыўных зменаў.
6. Нас падтрымлівае ўвесь свет менавіта таму, што наш пратэст – мірны.
7. Мы не хочам ахвяр нават для высокіх мэтаў.
Мы хочам пераменаў, як гэтага дамагчыся без гвалту?
1. Не супрацоўнічайце з рэжымам. Знайдзіце спосаб адхіліць усе прапановы і просьбы прадстаўнікоў улады, калі ім ад вас нешта трэба:
- не бярыце ўдзелу ў іх мерапрыемствах, калі прамая адмова небяспечная, знайдзіце любую адгаворку гэтага не рабіць;
- не давайце ім нічога, што просяць, не фінансуйце іх ні ў якім выглядзе (унёскі, паборы, прымусовая падпіска і г.д.), знайдзіце спосаб гэтага не рабіць;
- не выконвайце супрацьзаконныя і амаральныя ўказанні, калі цяжка адмовіцца, патрабуйце пісьмовага ўказання або імітуйце дзейнасць без выніку;
- не давайце ім інфармацыі, якая можа нашкодзіць іншым або справе пераменаў, вы гэтага не ведаеце ці не памятаеце;
- не падпісвайце нічога, што яны просяць, нават калі гэта здаецца бяскрыўдным, бо невядома, для чаго гэта, знайдзіце добрую падставу.
Памятайце, прадстаўнікі рэжыму дзейнічаюць супраць вас!
2. Распаўсюджвайце праўдзівую інфармацыю, якая дапаможа справе пераменаў, выконваючы меры бяспекі:
- рассылайце тым, каму давяраеце, навіны, карысную інфармацыю, абменьвайцеся вопытам;
- выкарыстоўвайце сацыяльныя сеткі для таго, каб падтрымаць тых, хто змагаецца, пахваліць іх за мужнасць і іх перамогі, выказаць салідарнасць;
- інфармуйце тых, каму гэта важна ведаць, аб рэальнай сітуацыі ў тваім доме, раёне, горадзе, у тваёй арганізацыі;
- рассылайце, раздрукоўвайце і распаўсюджвайце ўлёткі, буклеты, плакаты, якія дапамагаюць барацьбе за перамены;
- стварайце, прыдумляйце розныя спосабы данесці да людзей інфармацыю, выкрывайце дэзінфармацыю;
- папярэджвайце людзей пра небяспеку.
Дапамагайце людзям даведацца праўду і зразумець, што нас – большасць!
3. Праяўляйце салідарнасць, дапамагайце аднадумцам:
- падтрымайце тых, хто ў гэтым мае патрэбу;
- папрасіце іншых людзей дапамагчы, калі вашай дапамогі недастаткова;
- удзельнічайце ў акцыях салідарнасці, распаўсюджвайце пра іх інфармацыю;
- звяртайцеся па дапамогу, калі яна вам патрэбная;
- рабіце ахвяраванні, каб дапамагчы справе пераменаў.
Памятайце, нашая салідарнасць – гэта сіла!
4. Выконвайце правілы бяспекі:
- яднайцеся ў невялікія групы (пажадана, да 7 чалавек) з тымі, каму давяраеце;
- калі група становіцца больш, арганізоўвайце іншую групу;
- знайдзіце бяспечныя спосабы каардынацыі з аднадумцамі, знаходзьце і аналізуйце рэкамендацыі, як гэта рабіць;
- навучыцеся (а ведаеце – навучыце іншых) правілам бяспечнай працы з кампутарам і смартфонам;
- не бярыце з сабой на акцыі смартфон або бярыце «чысты» смартфон ці кнопкавы тэлефон;
- не балбачыце!
Памятайце, вашая бяспека і бяспека калегаў – у вашых руках!
5. Знаходзьце аднадумцаў і дзейнічайце:
- удзельнічайце ў акцыях з патрабаваннем пераменаў;
- партызаньце, спрабуйце розныя метады, дзяліцеся вопытам;
- знаходзьце розныя спосабы ціску на рэжым;
- падтрымлівайце і абараняйце адно аднаго;
- далучайцеся да арганізацый, якія працуюць на перамены;
- рызыкуйце разумна, але будзьце цвёрдымі, калі трэба, бо праўда на нашым баку.
Памятайце, мы дзейнічаем мірна, нас большасць, і мы даможамся пераменаў!