Святлана Ціханоўская правяла працоўнае тэлефанаванне з Маркам Гарно, міністрам замежных спраў Канады. Гарно – новы міністр, прызначаны пасля Франсуа-Філіпа Шампаня, з якім Ціханоўская сустракалася ў Вільні ў кастрычніку і шмат разоў абмяркоўвала сітуацыю ў Беларусі.
У размове з міністрам Святлана Ціханоўская распавяла пра гвалт, што працягваецца над мірнымі пратэстоўцамі, у тым ліку, пра адвольныя затрыманні і нечалавечыя ўмовы ўтрымання палітвязняў у турмах. Ціханоўская заклікала Канаду заняць цвёрдую пазіцыю ціску на рэжым Лукашэнкі і скаардынаваць яе з ЕС і ЗША.
Таксама Ціханоўская і Гарно абмеркавалі:
– ролю АБСЕ і Расіі ў мірным вырашэнні крызісу ў Беларусі;
– падтрымку праваабаронцаў, рэпрэсаваных, незалежных медыя;
– узмацненне ціску на рэжым Лукашэнкі, у тым ліку, праз санкцыі, замарозку актываў памагатых рэжыму.
Канада актыўна і адкрыта падтрымлівае беларусаў у імкненні да свабоды, яна не прызнала легітымнасць Лукашэнкі, далучылася да санкцый і праграмаў падтрымкі.