28 лістапада ў Беларускім доме ў Варшаве адбыліся ўрачыстасці з нагоды 20-годдзя Руху «За Свабоду». Святлана Ціханоўская выступіла перад сябрамі арганізацыі і запрошанымі гасцямі.
Рух «За Свабоду» быў заснаваны ў 2006 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў і масавых пратэстаў у Беларусі. На працягу двух дзесяцігоддзяў арганізацыя паслядоўна адстойвае незалежнасць Беларусі, дэмакратыю і еўрапейскі выбар.
У сваім выступе Святлана Ціханоўская падзякавала сябрам Руху за шматгадовую працу і падкрэсліла важнасць захавання і развіцця палітычных арганізацый нават ва ўмовах рэпрэсій і вымушанай эміграцыі.
Святлана Ціханоўская:
«Дваццаць гадоў – гэта сур’ёзны ўзрост для любой арганізацыі. А для дэмакратычнай арганізацыі ў Беларусі – гэта, я б сказала, цэлае жыццё.
Калі я прыйшла ў палітыку ў 2020 годзе, многія з вас ужо дзесяцігоддзямі працавалі дзеля Беларусі. Вы ездзілі па рэгіёнах, арганізоўвалі сустрэчы з людзьмі, назіралі за выбарамі, вылучалі сваіх кандыдатаў. Дамагаліся адкрыцця беларускамоўных класаў і групаў у дзіцячых садках. Распрацоўвалі «Народную праграму», праводзілі «Народны рэферэндум».
Дзякуй кожнаму і кожнай з вас за гэтыя дваццаць гадоў. За сяброўства, за салідарнасць, за любоў да Беларусі. Беражыце сябе і адно аднаго. І давайце працягваць працаваць разам».
Асобна Ціханоўская згадала заснавальніка і першага кіраўніка Руху Аляксандра Мілінкевіча, цяперашняга старшыню Юрася Губарэвіча, а таксама Вітольда Ашурка — сябра Рады Руху, які загінуў у зняволенні.
Падчас юбілейнай сустрэчы ўдзельнікі ўзгадалі гісторыю арганізацыі, яе ролю ў беларускім дэмакратычным руху і абмеркавалі перспектывы далейшага супрацоўніцтва.
