Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці канферэнцыі «Ірландыя — Беларусь: нацыянальныя культурныя ідэнтычнасці», якая праходзіць у Дубліне. Мерапрыемства арганізавана Міністэрствам замежных спраў Ірландыі сумесна з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам і Офісам Святланы Ціханоўскай у межах ірландскага старшынства ў Радзе ЕС.
Канферэнцыя аб’яднала каля 200 удзельнікаў, сярод якіх — палітыкі, пісьменнікі, мовазнаўцы і дзеячы культуры з Беларусі і Ірландыі. У цэнтры дыскусій — роля мовы ў захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці, палітычныя аспекты культурнай незалежнасці і значэнне тэатра ў асэнсаванні гісторыі двух народаў.
У сваім выступе Святлана Ціханоўская адзначыла, што, нягледзячы на русіфікацыю, цэнзуру і рэпрэсіі, беларусы працягваюць захоўваць сваю ідэнтычнасць. Асаблівую ўвагу яна звярнула на культурнае абуджэнне 2020 года і ролю беларускіх дзеячаў культуры, якія працягваюць працаваць як унутры краіны, так і ў эміграцыі.
«Наша нацыянальная ідэнтычнасць — гэта не толькі захаванне мінулага. Гэта яшчэ і абарона нашай будучыні. Таму што так званы «рускі свет» пабудаваны на ідэі, нібыта Беларусь і Украіна — гэта проста працяг Расіі. Але Беларусь — гэта не Расія.
Сёння рэжым у Беларусі праводзіць палітыку русіфікацыі — так сама, як гэта робіць Расія на акупаваных тэрыторыях Украіны, намагаючыся ператварыць нас у рускіх. Спачатку табе кажуць, што твая мова не мае значэння. Потым — што твая гісторыя не мае значэння. І нарэшце — што твая краіна не мае значэння.
Вось чаму падтрымка культуры, абарона нашых моў і ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці так важныя сёння — як для ўкраінцаў, так і для беларусаў».
