• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская выступіла на цырымоніі «Залатыя лаўры» ў Варшаве, дзе Анджэя Пачобута ўшанавалі як чалавека года

    21 кастрычніка, 2026

    20 кастрычніка ў Варшаве адбылася цырымонія ўручэння прэміі «Залатыя лаўры» (Złote Laury), якую арганізуюць папулярныя польскія выданні Super Express і Super Biznes. Адным з галоўных герояў вечара стаў беларуска-польскі журналіст, былы палітвязень Анджэй Пачобут, якога ўшанавалі як чалавека года.

    У цырымоніі ўзялі ўдзел Анджэй Пачобут, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, намеснік кіраўніцы АПК Павел Латушка і Святлана Ціханоўская.

    Сярод гасцей былі віцэ-прэм’ер і міністр лічбавізацыі Польшчы Кшыштаф Гаўкоўскі, міністр дзяржаўных актываў Войцех Бальчун, міністр навукі і вышэйшай адукацыі Марцін Кулясэк, міністр сельскай гаспадаркі Стэфан Краеўскі, намеснік міністра фондаў і рэгіянальнай палітыкі Конрад Войнароўскі. Таксама прысутнічалі амбасадар Украіны ў Польшчы Андрэй Боднар, амбасадар Літвы Вальдэмарас Сарапінас, прадстаўнікі дыпламатычных місій Славакіі і Венгрыі.

    У сваёй прамове Святлана Ціханоўская падзякавала Польшчы за падтрымку беларусаў і адзначыла асаблівую сувязь паміж дзвюма краінамі. Яна нагадала, што польскі рух «Салідарнасць» стаў прыкладам для беларускага дэмакратычнага руху, а Польшча і Літва прынялі тысячы беларусаў, вымушаных пакінуць радзіму.

    Ціханоўская таксама падкрэсліла, што беларусы ўносяць значны ўклад у развіццё Польшчы — праз бізнес, спорт, адукацыю і культуру. Яна згадала Марыю Жодзік, Крысціну Ціманоўскую. Яна ўгадала, што польскія кампаніі з беларускімі каранямі генеруюць мільярды злотых прыбытку штогод, і выказала ўпэўненасць, што ў будучыні свабодная Беларусь і Польшча стануць яшчэ больш блізкімі партнёрамі.

    Асобную ўвагу Ціханоўская надала вызваленню палітвязняў. Яна падзякавала Польшчы за прынцыповую пазіцыю і падтрымку палітвязняў і заклікала міжнародных партнёраў працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі і адначасова падтрымліваць беларускі народ. Асобна яна закранула становішча польскай меншасці ў Беларусі, якая сутыкаецца з рэпрэсіямі, але працягвае захоўваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць. 

    Гаворачы пра бяспеку рэгіёна, Ціханоўская заклікала да далейшай падтрымкі Украіны, падкрэсліўшы, што яе перамога важная і для будучыні Беларусі.

    Напрыканцы Святлана Ціханоўская падзякавала арганізатарам цырымоніі, асабіста рэдактару Губерту Біскупскаму, польскім уладам, грамадзянскай супольнасці, бізнесу і міжнародным партнёрам.

    Святлана Ціханоўская:

    «Польшча заўсёды была для нас прыкладам. Я веру, што аднойчы Беларусь стане такой, як сённяшняя Польшча, — моцнай, заможнай, свабоднай і еўрапейскай. Вы прайшлі свой шлях да свабоды. Цяпер мы праходзім свой».

    Апошнія навіны