14 кастрычніка ў Варшаве Святлана Ціханоўская выступіла на мерапрыемстве «Транснацыянальныя рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі: неабходны скаардынаваны міжнародны адказ» у межах Варшаўскай канферэнцыі па чалавечым вымярэнні АБСЕ.
На мерапрыемстве прадставілі дзве новыя справаздачы: даследаванне iSANS пра эвалюцыю транснацыянальных рэпрэсіяў і «Wanted by Dictator: Red Notice State», падрыхтаваную Офісам Святланы Ціханоўскай разам з BELPOL пры падтрымцы Кіберпартызанаў. У сваёй прамове беларуская лідарка назвала шэсць інструментаў, якія рэжым выкарыстоўвае супраць людзей па-за межамі краіны.
- «Экстрэмісцкія» і «тэрарыстычныя» спісы
Рэжым уключае ў іх журналістаў, актывістаў і праваабаронцаў, каб ствараць праблемы пры перасячэнні межаў, атрыманні візаў і адкрыцці банкаўскіх рахункаў. - Шантаж праз родных у Беларусі
Сілавікі могуць затрымаць блізкіх, каб ціснуць на чалавека за мяжой, вярбаваць яго або прымушаць да дзеянняў супраць яго волі. - Завочныя суды
Людзей судзяць без іх прысутнасці. Сотні беларусаў у выгнанні ўжо атрымалі прысуды, а іх маёмасць была канфіскаваная. - Пазбаўленне дакументаў
Забарона абнаўляць дакументы пакінула тысячы людзей без дзейных дакументаў. Гэта ўскладняе легалізацыю і стварае дадатковую нагрузку на міграцыйныя службы. - Інтэрпол і міжнародны вышук
Рэжым маскіруе палітычны пераслед пад звычайныя крымінальныя справы і выкарыстоўвае міжнародныя механізмы для экстрадыцыі беларусаў. - Лічбавыя пагрозы
Боты, тролі і агенты рэжыму дзейнічаюць у інтэрнэце, каб пранікаць у супольнасці, пагражаць людзям і перашкаджаць іх працы.
Святлана Ціханоўская:
«Я прашу вас уключыць гэтую тэму ў парадак дня. Умацаваць супрацоўніцтва з беларускім дэмакратычным рухам. Наладзіць нашыя сувязі з вашымі ўстановамі, праваахоўнымі органамі і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці. Супрацьдзеянне транснацыянальным рэпрэсіям патрабуе поўнай каардынацыі».
