• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларусь на Варшаўскім форуме па бяспецы: галоўныя сустрэчы і выступы Святланы Ціханоўскай 

    14 кастрычніка, 2026

    Падчас Варшаўскага форуму па бяспецы Святлана Ціханоўская абмеркавала з міжнароднымі партнёрамі расійскую пагрозу, падтрымку Украіны, вызваленне палітвязняў і абарону беларусаў за мяжой.

    Дзе выступіла?

    • На панэлі «Дэмакратычны фронт: лідарства супраць расійскага аўтарытарызму» разам з былым прэзідэнтам Эстоніі Тоомасам Хендрыкам Ільвесам, пятай прэзідэнткай Грузіі Саламэ Зурабішвілі і расійскім апазіцыйным палітыкам Уладзімірам Кара-Мурзой. Ціханоўская гаварыла пра еўрапейскую будучыню Беларусі, значэнне перамогі Украіны, неабходнасць вываду расійскіх войскаў і ядзернай зброі з Беларусі і гатоўнасць партнёраў да пераменаў у нашай краіне.
    • На круглым стале «Беларусь: поўнамаштабная мілітарызацыя», арганізаваным у партнёрстве з BELPOL і Германскім фондам Маршала. Каманда BELPOL прадставіла даклад пра мілітарызацыю Беларусі і яе вайсковае супрацоўніцтва з Расіяй. Беларуская лідарка заклікала выкарыстоўваць сабраныя доказы для санкцый, прадухілення іх абыходу і прыцягнення вінаватых да адказнасці.

    З кім сустрэлася?

    З міністрам замежных спраў Украіны Андрэем Сібігам — абмеркавала бяспеку, каардынацыю санкцый, адказнасць рэжыму Лукашэнкі за саўдзел у вайне і дапамогу беларусам ва Украіне. Асобная ўвага — падтрымцы беларускіх добраахвотнікаў і ўмацаванню статусу Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве.

    З прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі НАТА Маркушам Перэштрэлу і генеральнай сакратаркай Бенедэтай Берці — абмеркавала пагрозы з тэрыторыі Беларусі, вызваленне палітвязняў, санкцыі супраць ваенна-прамысловага комплексу і пашырэнне супрацоўніцтва з ПА НАТА. Ціханоўская таксама перадала даклад BELPOL.

    Таксама беларуская лідарка сустрэлася і паразмаўляла з:
    • міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім і дэпутатамі польскага Сейма;
    • амерыканскім дыпламатам Майклам Карпентарам;
    • дзяржаўнай сакратаркай Швецыі Дыянай Янсэ і былой міністаркай замежных спраў Швецыі Ан Ліндэ;
    • былой міністаркай замежных спраў Ісландыі Тордзіс Гільфадоцір;
    • былым камандуючым войскамі ЗША ў Еўропе Бэнам Ходжэсам;
    • кіпрскай дэлегацыяй і прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса ў Варшаве, у тым ліку амбасадарам ЗША ў Польшчы.

    Асобна з Білам Браўдэрам Ціханоўская абмеркавала транснацыянальныя рэпрэсіі, пераслед беларусаў за мяжой і выкарыстанне Інтэрпола для такога пераследу. Таксама паразмаўляла з лордам Эшкрафтам, які займаецца падтрымкай гуманітарных праграмаў.

    На вячэры для спікераў і ўдзельнікаў форуму Святлана Ціханоўская выступіла са словамі падзякі арганізатарам, Польшчы і ўсім, хто дапамагае свабоднай Беларусі.

    Святлана Ціханоўская:

    «На сустрэчах у Варшаве мы гаварылі пра тое, як звязаныя будучыня Беларусі, перамога Украіны і бяспека ўсёй Еўропы. Пакуль Расія выкарыстоўвае нашу тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і прадпрыемствы для сваёй агрэсіі, гэтая пагроза застаецца для ўсіх нашых суседзяў. Таму Беларусі патрэбная ўвага міжнародных партнёраў і выразная стратэгія, якая дапаможа вярнуць нашай краіне незалежнасць і свабоду.

    За кожнай такой размовай стаяць і канкрэтныя патрэбы людзей: вызваленне палітвязняў, дапамога іх сем’ям, падтрымка добраахвотнікаў, абарона беларусаў, якіх рэжым пераследуе нават за мяжой. Я ўдзячная ўсім, хто працягвае працаваць з намі над гэтымі пытаннямі.

    Нам важна, каб партнёры падтрымлівалі беларускае грамадства і былі гатовыя дапамагчы, калі адкрыецца магчымасць для дэмакратычных пераменаў. Свабодная Беларусь зможа быць надзейным суседам для Украіны і часткай бяспечнай Еўропы».

    Апошнія навіны