У Варшаўскай школе эканомікі (SGH) адбылася дыскусія «European Defence Townhall», арганізаваная ў межах Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Мерапрыемства сабрала больш за 300 удзельнікаў для абмеркавання актуальных выклікаў еўрапейскай бяспецы і прыярытэтаў умацавання абароны Еўропы.
У дыскусіі ўзяла ўдзел беларуская лідарка Святлана Ціханоўская. Сярод іншых удзельнікаў — міністарка замежных справаў Румыніі Оана-Сільвія Цою, дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных справаў Польшчы Марцін Босацкі, віцэ-старшыня і выканаўчы дырэктар Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Бенедыкт Франке, а таксама заснавальніца Варшаўскага форуму па бяспецы Катажына Пісарска.
Сярод галоўных тэмаў — пагрозы бяспецы Еўропы, неабходнасць узмацнення еўрапейскай абароны і канкрэтныя крокі, якія могуць дапамагчы зрабіць рэгіён больш бяспечным.
Падчас абмеркавання Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што бяспека Еўропы пачынаецца не на яе межах, а ў суседніх краінах. Яна звярнула ўвагу на пагрозы, звязаныя з расійскай вайсковай прысутнасцю ў Беларусі, размяшчэннем ядзернай зброі і выкарыстаннем беларускай тэрыторыі для гібрыдных атак супраць еўрапейскіх краін.
«Бяспека Еўропы не заканчваецца на яе межах. Беларусь — яскравы таму прыклад. Краіна, у якой размешчаныя расійскія войскі, вайсковая інфраструктура і ядзерная зброя, стварае пастаянную пагрозу для ўсходняга фланга NATO. Свабодная і дэмакратычная Беларусь дапаможа ліквідаваць гэтую пагрозу. Свабодная Беларусь азначае мірную мяжу», — адзначыла беларуская лідарка.
Асобная частка мерапрыемства была прысвечаная пытанням з залы. Удзельнікі мелі магчымасць непасрэдна звярнуцца да спікераў і абмеркаваць будучыню еўрапейскай бяспекі.
