Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у дыялогу «Беларусь: ціхі супраціў» у межах міжнароднага Форуму Ла-Тоха ў Іспаніі. Разам з былым Высокім прадстаўніком ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпам Барэлем яны абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, дэмакратычны рух і супраціў беларусаў рэжыму.
Для Форуму Ла-Тоха тэма супраціву дэмакратыі таксама мае адмысловае значэнне. У 2022 годзе галоўную прэмію форуму атрымаў украінскі народ — за абарону дэмакратыі і супраціў расійскай агрэсіі. У 2024 годзе прэмію атрымаў і сам Жазэп Барэль, дыялог з якім стаў адной з апошніх міжнародных сесіяў сёлетняга форуму.
Падчас размовы Святлана Ціханоўская таксама падзякавала Еўрапейскаму Саюзу і Злучаным Штатам за падтрымку беларускіх незалежных медыя, праваабарончых арганізацыяў, НДА, культурніцкіх і гістарычных ініцыятываў, якія пасля 2020 года былі вымушаныя перанесці сваю працу за межы краіны. Яна адзначыла, што гэтая падтрымка дазволіла беларускай грамадзянскай супольнасці захаваць свае структуры і працягнуць працу ў выгнанні.
Асобна Святлана Ціханоўская звярнула ўвагу на неабходнасць паслядоўнай палітыкі Еўрапейскага Саюза ў дачыненні да дыктатур:
«Можа ўзнікнуць спакуса вярнуцца да ранейшага стану рэчаў — змірыцца з дыктатурай, з Лукашэнкам, з Расіяй. Але Еўропа грунтуецца на каштоўнасцях і прынцыпах, якія яна заўсёды абараняла. Калі ад іх адмовіцца, Расія будзе выкарыстоўваць гэта як слабасць. Таму Еўропе важна заставацца паслядоўнай».
