У Еўрапейскім парламенце Святлана Ціханоўская сустрэлася са спікеркай парламента Ірландыі Веронай Мэрфі. Бакі абмеркавалі падтрымку Беларусі і тое, як зрабіць супрацоўніцтва паміж беларускімі і ірландскімі парламентарыямі яшчэ больш практычным.
«Я вельмі цаню падтрымку Ірландыі і тую ўвагу, якую ірландскія парламентарыі надаюць Беларусі. Сёння мы гаварылі пра тое, як ператварыць гэтую падтрымку ў яшчэ больш канкрэтныя сумесныя дзеянні», — адзначыла Святлана Ціханоўская.
Група «За дэмакратычную Беларусь» у ірландскім парламенце дашле свайго прадстаўніка на наступную сустрэчу Альянсу парламенцкіх груп у Осла. Гэта дазволіць ірландскім парламентарыям падзяліцца сваім досведам падтрымкі Беларусі і пераняць практыкі калег з іншых краінаў.
Асобна абмеркавалі працу групы хросных беларускіх палітвязняў. У ірландскім парламенце яна адна з найбуйнейшых. Бакі таксама разгледзелі ідэю правядзення міжнароднага форуму хросных, які мог бы аб’яднаць парламентарыяў з розных краінаў вакол падтрымкі беларускіх палітвязняў.
Яшчэ адной дамоўленасцю стаў восеньскі візіт Святланы Ціханоўскай у Дублін. Падчас яго плануецца не толькі сустрэцца з прадстаўнікамі ірландскага ўрада, але і працягнуць працу з парламентам.
«Для нас важна, каб Беларусь заставалася на парадку дня ірландскага парламента. І яшчэ важней — каб падтрымка была не толькі сімвалічнай, але і ператваралася ў канкрэтныя дзеянні. Упэўненая, што нашыя партнёрскія сувязі будуць толькі мацнець», — дадала Ціханоўская.
