На палях Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку Святлана Ціханоўская сустрэлася з 42-м прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам. Сустрэча адбылася падчас Clinton Global Initiative, у працы якой Ціханоўская бярэ ўдзел ужо не першы год.
Падчас размовы Клінтан цікавіўся сітуацыяй у Беларусі, працай Святланы Ціханоўскай і тым, як пасля масавых рэпрэсій працягвае дзейнічаць беларускі дэмакратычны рух. Асобна гаварылі пра беларусаў унутры краіны і пра тое, як захаваць міжнародную ўвагу да Беларусі.
Асаблівай тэмай сталі ўспаміны Клінтана пра ягоны гістарычны візіт у Мінск 15 студзеня 1994 года. Ён застаецца першым і пакуль адзіным дзейным прэзідэнтам ЗША, які наведаў незалежную Беларусь. У Мінску Клінтан сустракаўся з тагачасным кіраўніком дзяржавы Станіславам Шушкевічам, прадстаўнікамі ўрада і дэмакратычных сілаў, а таксама наведаў Курапаты, дзе ўшанаваў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Адной з галоўных мэтаў таго візіту была падтрымка дэмакратычных рэформаў і рашэння Беларусі адмовіцца ад ядзернай зброі
Яшчэ ў 1993 годзе падчас сустрэчы Клінтана і Шушкевіча ў Белым доме амерыканская адміністрацыя вітала далучэнне Беларусі да Дамовы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі і абвясціла пра тры пагадненні аб дапамозе Беларусі на 59 мільёнаў долараў для пераадолення ядзернай спадчыны. Тады Вашынгтон разглядаў Беларусь як маладую незалежную дзяржаву, якая мела магчымасць развіваць дэмакратычныя інстытуты і інтэгравацца ў шырэйшую супольнасць еўрапейскіх дэмакратый.
Падчас размовы з Ціханоўскай Клінтан цёпла ўзгадваў Беларусь пачатку 1990-х і надзеі таго часу. Ён выказаў падтрымку беларусам і іх імкненню да свабоднай і дэмакратычнай будучыні.
Для Святланы Ціханоўскай гэта была не першая сустрэча з Білам Клінтанам. Упершыню яны пазнаёміліся ў Вашынгтоне ў 2022 годзе падчас развітання з былой дзяржаўнай сакратаркай ЗША Мадлен Олбрайт. У Нью-Ёрку яны ўпершыню мелі магчымасць больш падрабязна паразмаўляць пра Беларусь.
«Больш за трыццаць гадоў таму Біл Клінтан прыехаў у Беларусь у час, калі перад нашай краінай была адкрытая магчымасць дэмакратычнай будучыні. Сёння беларусы зноў змагаюцца за гэтую магчымасць. Мне было вельмі важна пачуць, што прэзідэнт Клінтан памятае Беларусь, верыць у беларусаў і падтрымлівае наша імкненне да свабоды. Мы павінны зрабіць усё, каб гэтым разам свой гістарычны шанец Беларусь не страціла», — адзначыла Святлана Ціханоўская.
