Падчас працоўнага візіту ў Ерэван дарадца Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі і дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька правялі сустрэчу ў парламенце Арменіі з Рустамам Бакаянам — адным з кіраўнікоў камітэта па правах чалавека.
Падчас размовы абмеркавалі сітуацыю з правамі чалавека, магчымасці развіцця парламенцкага супрацоўніцтва, падтрымку беларусаў і абмен досведам.
Асноўнай тэмай стала стварэнне групы «За дэмакратычную Беларусь» у парламенце Арменіі. Бакі адзначылі, што гэта патрабуе часу і палітычнай згоды, і дамовіліся вярнуцца да гэтага пытання пасля выбараў у краіне. Таксама падкрэслілі важнасць пашырэння парламенцкай падтрымкі Беларусі на міжнародным узроўні.
Анатоль Лябедзька:
«Парламенцкі складнік — гэта яшчэ адзін важны напрамак нашай працы. Мы паслядоўна пашыраем сетку падтрымкі Беларусі: такія групы ўжо дзейнічаюць у Малдове і Украіне, і наступная мэта — Арменія».
