У межах форуму адбылася панэльная дыскусія «Дэмакратычная ўстойлівасць, гібрыдныя пагрозы і ШІ: абарона дэмакратычных выбараў» арганізаваная сумесна з CAPS.
Сярод спікераў — Святлана Ціханоўская, генеральны сакратар Community of Democracies Мантас Адоменас, міністарка Сербіі па гендарнай роўнасці і пашырэнні правоў і магчымасцяў жанчын Таццяна Мацура і прэзідэнт World Communications Forum Association Максім Бехар. Мадэратарам выступіў дырэктар Цэнтра аналізу, планавання і стратэгіі МЗС Францыі Трыстан Ора.
Удзельнікі абмеркавалі, як дэмакратыі могуць супрацьстаяць гібрыдным пагрозам, якія ўзмацняюцца з развіццём штучнага інтэлекту, — праз каардынацыю ў сферах бяспекі, кіравання і ўмацавання грамадскай устойлівасці.
У сваім выступе Святлана Ціханоўская адзначыла, што ў беларускім выпадку тэхналогіі сталі ключавым інструментам супраціву ў 2020 годзе. Пры гэтым яна падкрэсліла, што рэжымы таксама навучыліся выкарыстоўваць ШІ і лічбавыя інструменты ў сваіх інтарэсах.
Менавіта таму Ціханоўская надала асобную ўвагу супрацоўніцтву з тэхналагічнымі кампаніямі і іх адказнасці ў супрацьстаянні прапагандзе:
«У сённяшніх умовах тэхналагічныя кампаніі ўжо не могуць заставацца нейтральнымі і павінны ўсвядомлена вырашыць, на чыім яны баку. Яны павінны выбраць: альбо ўмацоўваць дэмакратыю, альбо дазваляць дыктатурам карыстацца гэтымі інструментамі без абмежаванняў».
