Сёння ў Кіеве праходзіць рэгіянальны форум па бяспецы «Шлях да волі». Форум будзе прысвечаны ключавым аспектам беларускай вызваленчай барацьбы, пагрозам з боку рэжыму Лукашэнкі, а таксама пытанням супрацоўніцтва беларускіх дэмакратычных сілаў з Украінай і еўрапейскімі партнёрамі.
Удзел у форуме бяруць украінскія і заходнія эксперты, беларускія дэмакратычныя сілы і беларускія добраахвотнікі.
Ключавыя тэмы абмеркавання:
— Беларусь як фактар рэгіянальнай бяспекі і магчымыя сцэнарыі развіцця сітуацыі да 2027 года;
— новая мадэль украінска-беларускіх адносін у перыяд вайны;
— перспектывы беларускага добраахвотніцкага руху;
— ініцыятыва стварэння рэгіянальнага фармату «беларускага Рамштайна».
Святлана Ціханоўская звярнулася да ўдзельнікаў форуму з вітальнай відэапрамовай:
«Дарагія ўдзельнікі,
украінцы і беларусы!
Вітаю вас на форуме «Шлях да волі».
Дазвольце найперш павіншаваць вас з нашым нацыянальным святам — 108-мі ўгодкамі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі незалежнай дзяржавай.
Гісторыкі сёння згаджаюцца: абвяшчэнне Украінай незалежнасці ў студзені стала стымулам і для абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Таму сімвалічна, што мы праводзім гэты форум на Дзень Волі — дзень з’яўлення Беларусі на палітычнай карце Еўропы і свету.
Хачу падзякаваць арганізатарам форуму — «Украінскай прызме», а таксама суарганізатарам — Міжнароднаму фонду «Відроджэння» і Аб’яднанаму пераходнаму кабінету.
Ведаю, што для многіх беларускіх удзельнікаў дабрацца на форум было сапраўдным выпрабаваннем, але ўсё ўрэшце атрымалася.
Асабіста хачу падзякаваць і Яраславу Чарнагору, які шмат гадоў прасоўвае беларускае пытанне ва Украіне. Хачу прывітаць амбасадара Ігара Кізыма, экспертаў, у тым ліку Яўгена Магду, які нястомна трымае беларускае пытанне ва ўкраінскай павестцы. І безумоўна — дзякуй прадстаўнікам украінскага МЗС і Вярхоўнай Рады. Дзякуй дэпутатам групы «За дэмакратычную Беларусь» з нагоды Дня Волі.
І, канешне, дзякуй усім украінскім ваярам, якія сёння мужна бароняць Украіну, поруч з беларусамі. Мы ганарымся беларускімі добраахвотнікамі, што змагаюцца за Украіну, некаторыя яшчэ з 2014 году. Шчыры вам дзякуй. Вы гонар і надзея і нашай нацыі. І сёння, у гэты святочны дзень, мы згадваем і ўсіх тых, хто ахвяраваў сваім жыццём. Вечная слава.
Беларусы з першых дзён стаяць на баку ўкраінцаў. Пратэстныя акцыі, сабатаж расійскіх войскаў, рэйкавыя партызаны, «Беларускі Гаюн», валанцёры, Пункт Нязломнасці, добраахвотнікі, дзясяткі якіх аддалі свае жыцці за Украіну. Сёння беларуская дыяспара ахвяруе на падтрымку Украіны больш сродкаў, чым на ўласна беларускія праекты.
Украінцы бачаць, што беларусы — не роўна рэжым. Што беларусы на баку Украіны, а не агрэсара. І разам мы зможам захаваць сяброўскія адносіны паміж нашымі народамі. У нас адзіны вораг — рускі мір, рускі імперыялізм. І ў нас з украінцамі адна мэта — вольная дэмакратычная еўрапейская будучыня.
Усе мы сёння глядзім на Украіну з вялікай надзеяй — як на рэгіянальнага лідара, ад якога залежыць таксама і лёс Беларусі. І я радая, што нашыя адносіны з Украінай умацоўваюцца. На апошняй сустрэчы з прэзідэнтам Зяленскім мы дамовіліся аб працягу супрацы. І спадзяюся, што ў найбліжэйшы час я змагу наведаць Кіеў і выказаць нашу падтрымку асабіста. Таксама спадзяюся, што Украіна прызначыць спецпасланніка па Беларусі — гэта ўмацуе нашыя двухбаковыя адносіны.
Таксама мы неўзабаве адкрыем Офіс Місіі дэмакратычных сіл у Кіеве. Святлана Шаціліна, наша прадстаўніца, ужо будуе адносіны з украінскай уладай. А Вадзім Кабанчук, прадстаўнік па пытаннях бяспекі ў кабінеце, распрацоўвае магчымасці для вайскова-палітычнай супрацы.
Крытычна важна, каб нашая супраца была інстытуцыялізаваная і доўгатэрміновая.
Перад намі шмат праблем, якія трэба вырашыць. Гэта падтрымка беларускіх вайсковых фармаванняў ва Украіне, статус беларускіх уцекачоў, добраахвотнікаў, ветэранаў і іх сем’яў, прыцягненне да адказнасці вінаватых у ваенных злачынствах супраць украінскіх грамадзян, а таксама ўдзел беларусаў у пасляваенным аднаўленні Украіны. Гэта ўсё мы будзем абмяркоўваць сёння на форуме, і на будучых мерапрыемствах.
Дарагія сябры!
Сёння мы ўсе з вамі ўсведамляем, што без свабоднай дэмакратычнай Беларусі не будзе бяспечнай Украіны. Гэтаксама як без свабоднай Украіны — не будзе вольнай Беларусі.
Лёсы нашых краін узаемазвязаныя. У нас 1000 кіламетраў агульнай мяжы. І для Украіны — свабодная, еўрапейская Беларусь — гэта жыццёвая неабходнасць.
Шлях да волі беларусаў — вядзе праз перамогу Украіны. Таму давайце разам думаць, як нам яе наблізіць.
За нашу і вашу свабоду!
Слава Украіне! Жыве Беларусь!»
Форум быў арганізаваны Аб’яднаным Пераходным Кабінетам, аналітычным цэнтрам «Украінская прызма» і Міжнародным фондам «Адраджэнне».
