13 сакавіка Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з камандай ініцыятывы «Сумленныя людзі». Галоўная тэма — як узмацняць інфармацыйную прысутнасць для аўдыторыі ўнутры Беларусі і як каардынаваць супольныя праекты.
Каманда «Сумленных людзей» распавяла пра сваю працу і тое, як змяніліся іх задачы і фарматы за апошнія гады. Сёння ініцыятыва арыентуецца найперш на аўдыторыю ў Беларусі і працуе як медыйная арганізацыя.
Таксама каманда падзялілася досведам сваіх праектаў: кароткія відэа, аналітычныя рассылкі, дакументальныя матэрыялы. Асобны акцэнт — кантэнт, які тлумачыць, як палітыка ўплывае на звычайнае жыццё: чаму не працуюць інстытуты, як працуе прапаганда і што ад гэтага губляе кожны чалавек.
Падчас сустрэчы таксама абмеркавалі:
– патрэбу ў простых «тлумачальных» фарматах, якія дапамагаюць разумець міжнародныя падзеі і рашэнні, адрозніваць факты ад маніпуляцыяў;
– магчымасці каардынацыі камунікацыйных ініцыятываў і супольных адукацыйных прадуктаў;
– як больш сістэмна ўключаць дыяспару ў падтрымку праектаў, якія працуюць на Беларусь, у тым ліку мерапрыемствы і праекты, прысвечаныя Дню Волі і Міжнароднаму дню салідарнасці з Беларуссю.
У сустрэчы ўдзельнічалі: кіраўніца арганізацыі Алена Жываглод, менеджары Цімафей Малахоўскі і Зарына Сарокіна, і іншыя.
