— Група «За дэмакратычную Беларусь»:
17 лютага адбылося пасяджэнне дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь». З беларускага боку ў сустрэчы прынялі ўдзел дырэктар Офіса Святланы Ціханоўскай у Літве Дзяніс Кучынскі, дарадцы Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і па пытаннях экалогіі Анатоль Лябедзька і Дзмітрый Кучук, а таксама лідары і прадстаўнікі 6 палітычных і 7 грамадскіх беларускіх арганізацыяў, зарэгістраваных у Літве. Галоўная задача — гэта агучыць ідэі і прапановы для планавання працы групы на бягучы 2026 год.
Анатоль Лябедзька адзначыў:
«Задача Офіса Святланы Ціханоўскай — садзейнічаць, каб у арганізаваных структураў была магчымасць прадставіць свае кампетэнцыі, ідэі, прапановы.
Сёння прагучала шмат цікавых прапановаў датычна інтэграцыі беларусаў у Літве, пытанняў навучання, статусу добраахвотнікаў, заканадаўчых ініцыятываў, якія закранаюць прававы статус беларусаў. Працуем і рухаемся наперад».
— Сустрэча з міністрам замежных справаў Літвы Кястуцісам Будрысам
17 лютага дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай і дырэктар Офіса ў Літве Дзяніс Кучынскі прыняў удзел у сустрэчы міністра замежных справаў Літвы Кястуціса Будрыса з кіраўнікамі дыпламатычных місіяў замежных дзяржаваў, акрэдытаваных у Літве. Адным з такіх прадстаўніцтваў з’яўляецца Офіс Святланы Ціханоўскай у Літве.
На традыцыйнай штогадовай сустрэчы былі прадстаўленыя прыярытэты знешняй палітыкі Літвы, разгледжана сітуацыя ў рэгіёне Балтыйскага мора, Еўропе і свеце.
Дзяніс Кучынскі:
«Мы ўдзячныя ўраду Літвы, у прыватнасці прэм’ер-міністарцы Ругінене і міністру замежных справаў Будрысу за адкрытасць, падтрымку і паслядоўную пазіцыю ў дачыненні да Беларусі. Для нас вельмі важна адчуваць салідарнасць і разуменне ў складаны для нашай краіны час. Літва не раз даказвала, што застаецца побач з беларускім народам, і мы гэта сапраўды цэнім».
