7 снежня ў Вільнюсе каля Амбасады Беларусі прайшла акцыя супраць гібрыдных атакаў рэжыму. Удзельнікі падкрэслілі, што агрэсіўная палітыка Лукашэнкі не адлюстроўвае пазіцыю беларускага народа.
Падчас акцыі адбыўся сімвалічны перформанс. Прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай усталявалі каля плоту амбасады невялікую інсталяцыю: да скрынак прымацавалі геліевыя шары з надпісам «Забярыце — гэта — ваша». Так удзельнікі сімвалічна «вярнулі» рэжыму яго ўласныя гібрыдныя атакі і падкрэслілі, што беларускае грамадства не падзяляе такіх дзеянняў.
Ад Офіса Святланы Ціханоўскай удзел узялі:
Ганна Красуліна
«Гэта — не кантрабанда. Гэта — пагроза бяспецы палётаў і частка вялікай гібрыднай вайны, якую Расія разам з рэжымам Лукашэнкі вядзе супраць Еўропы. Мы павінны супрацьпаставіць гэтаму нашае адзінства — не сварыцца, а дзейнічаць разам, выпрацоўваць сумесныя адказы агрэсарам».
Станіслава Гліннік:
«Я сёння тут, таму што мне важна сказаць: я беларуска, і я супраць таго, каб з тэрыторыі маёй краіны атакавалі Літву. Я салідарная з народам Літвы і хачу, каб усе ведалі, што большасць беларусаў не падтрымліваюць агрэсію рэжыму Лукашэнкі супраць суседзяў».
Маргарыта Ворыхава:
«Гібрыдныя атакі з боку Расіі і Беларусі — гэта спроба праверыць, ці расколецца дэмакратыя пад націскам. Кожная паспяховая правакацыя, кожнае закрыццё аэрапорта ці перапынак у лагістыцы — гэта спроба пасеяць разлад і стварыць ціск на дэмакратычныя краіны, каб яны пайшлі на саступкі аўтарытарным акторам. Мы паказваем, што дэмакратычная салідарнасць выходзіць за межы дзяржаўных граніц і што аўтарытарны ціск нас не падзеліць».
Ганна Златкоўская:
«Быць беларусам сёння цяжка — кожны раз даводзіцца даказваць, што дзеянні рэжыму ідуць у разрэз з асабістымі маральнымі прынцыпамі. Асабліва цяжка, калі жывеш у іншай краіне, а дыктатура працягвае свае атакі нават тут, дзе ўпершыню за шмат гадоў адчуў дыханне свабоды. Таму так важна паказаць Літве і літоўцам, што нам, беларусам, ненавісна ўсё, што выходзіць ад лукашэнкаўскай сістэмы».
