Падчас Форуму міру Святлана Ціханоўская абмеркавала пытанні падтрымкі незалежных беларускіх журналістаў. Яна ўзняла гэтую тэму ў сваім выступе, а таксама правяла асобную сустрэчу з кіраўніцтвам Міжнароднага фонду грамадска значных медыя (IFPIM) — яго дырэктарам Нішантам Лалвані і сустаршынёй, Нобелеўскай лаўрэаткай Марыяй Рэса.
Дзякуючы, у тым ліку, намаганням дэмакратычных сілаў, IFPIM адкрыў праграму дапамогі беларускім журналістам пры фінансавай падтрымцы Швецыі.
Таксама Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцтвам французскага радыё RFI і міністрам замежных справаў Францыі, каб абмеркаваць магчымасць стварэння беларускай рэдакцыі RFI.
«Беларускія журналісты робяць выдатную працу — яны дапамагаюць людзям даведвацца праўду па абодва бакі мяжы, ствараюць масты і сувязі. І самае важнае — большасць аўдыторыі незалежных медыя ў выгнанні — гэта беларусы ўнутры краіны. Я выкарыстоўваю кожную магчымасць, каб знайсці падтрымку для нашых журналістаў, каб яны маглі працягваць сваю важную місію»,
— адзначыла Святлана Ціханоўская.
