Святлана Ціханоўская разам з Сяргеем Ціханоўскім сустрэлася з дэлегацыяй Еўрапейскага парламента па Беларусі падчас пашыранага пасяджэння ў Страсбургу — на сустрэчы прысутнічалі дэпутаты і іх намеснікі з розных фракцыяў.
Асноўныя тэмы сустрэчы:
— падтрымка і вызваленне палітвязняў;
— сумесная праца дэмакратычных сілаў Беларусі з еўрапейскімі інстытуцыямі;
— дарожная карта еўраінтэграцыі Беларусі.
Падчас размовы Святлана заклікала дэпутатаў узмацніць бачнасць Беларусі ў структурах Еўрапарламента: арганізоўваць больш мерапрыемстваў, дыскусіяў і культурніцкіх ініцыятываў, прысвечаных Беларусі. Таксама абмеркавалі будучую прэзентацыю ў снежні — прадстаўленне заканадаўчага пакета, які дапаможа падрыхтаваць Беларусь да еўрапейскай інтэграцыі.
Святлана Ціханоўская:
«Мы не павінны ратаваць Лукашэнку ад Пуціна. Мы павінны ратаваць Беларусь ад абодвух. Будучыня Беларусі — гэта «беларускі дом у еўрапейскім квартале», а не вяртанне ў сферы ўплыву Масквы. З вашай падтрымкай, паслядоўнасцю і адвагай — мы гэтага дасягнём!».
Беларуская лідарка падзякавала кіраўніцтву дэлегацыі Малгажаце Гасеўскай, Томасу Тобэ і Міхалу Кабоску за іх паслядоўную пазіцыю і падтрымку Беларусі. Асобна яна адзначыла намаганні, дзякуючы якім журналіст Андрэй Пачобут атрымаў прэмію Сахарава.