• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Мемарандум аб паразуменні паміж Еўрапейскім эканамічна-сацыяльным камітэтам (ЕЭСК) і Дэмакратычнымі сіламі Беларусі

    19 чэрвеня, 2025

    ПРЭАМБУЛА

    Еўрапейскі эканамічна-сацыяльны камітэт (ЕЭСК), кансультацыйны орган ЕС, які прадстаўляе арганізаваную грамадзянскую супольнасць, і дэмакратычныя сілы Беларусі, якія прадстаўляюць дэмакратычныя памкненні беларускага народа, далей разам званыя «Бакі»,

    Прызнаючы агульныя каштоўнасці дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона,

    Усведамляючы важнасць падтрымкі беларускага грамадзянскага грамадства і незалежных СМІ,

    Асуджаючы пераслед і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, здзейсненыя рэжымам Лукашэнкі супраць палітычных і грамадскіх актывістаў, а таксама супраць беларускага грамадства ў цэлым,

    Прытрымліваючыся імкнення да ўзаемаразумення і пашырэння супрацоўніцтва ў сферах узаемнай зацікаўленасці,

    ПАГАДЗІЛІСЯ АБ НАСТУПНЫМ:

    Артыкул 1: Мэта

    Гэты Мемарандум аб паразуменні ўстанаўлівае неабавязваючую юрыдычна аснову для паглыблення супрацоўніцтва паміж Бакамі з мэтай умацавання сувязяў паміж грамадзянскай супольнасцю і незалежнымі СМІ ЕС і Беларусі, а таксама садзейнічання ўдзелу беларускіх дэмакратычных суб’ектаў у выгнанні ў еўрапейскіх сетках грамадзянскай супольнасці. Мемарандум не стварае асацыяцыі паміж падпісантамі, не прадугледжвае выключнасці супрацоўніцтва і не мае на мэце стварэння юрыдычных правоў ці абавязкаў.

    Артыкул 2: Сферы супрацоўніцтва

    Бакі дамаўляюцца супрацоўнічаць у наступных галінах:

    • садзейнічаць умацаванню ўзаемадзеяння паміж ЕЭСК, яго членамі і сеткамі грамадзянскай супольнасці, якія яны прадстаўляюць, і дэмакратычнымі сіламі Беларусі (Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет, Каардынацыйная рада) і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці ў выгнанні шляхам інстытуцыйнага дыялогу і практычнай падтрымкі;
    • рэалізоўваць сумесныя мерапрыемствы па павышэнні дасведчанасці аб унутранай сітуацыі ў Беларусі ў дачыненні да парушэнняў правоў чалавека, уключаючы палітычны пераслед, сітуацыю з палітвязнямі, уціск свабоды слова і сходаў, а таксама пазбаўленне грамадзянаў выбарчых правоў;
    • падтрымліваць і прасоўваць беларускія незалежныя СМІ і журналістаў праз прадастаўленне пляцовак для бачнасці, супрацоўніцтва і развіцця патэнцыялу;
    • сумесна арганізоўваць мерапрыемствы, прысвечаныя папулярызацыі беларускай спадчыны, культуры і мовы ў ЕС;
    • распрацоўваць і ажыццяўляць сумесныя ініцыятывы па супрацьдзеянні дэзінфармацыі і прапагандзе, асабліва ў дачыненні да Беларусі і шырэйшага еўрапейскага рэгіёна;
    • прасоўваць візію новай дэмакратычнай Беларусі, распрацоўку і ацэнку рэформаў, а таксама абмен найлепшымі практыкамі і экспертызай у пераходзе да дэмакратыі.

    Артыкул 3: Рэалізацыя і каардынацыя

    • Кожны Бок прызначыць кантактную асобу для каардынацыі рэалізацыі гэтага Мемарандума, забеспячэння эфектыўнай камунікацыі і планавання будучых мерапрыемстваў.
    • ЕЭСК, у межах сваіх унутраных працэдураў і магчымасцяў, будзе прадастаўляць доступ да сваіх памяшканняў для арганізацыі мерапрыемстваў і ініцыятываў, што сумесна рэалізуюцца з беларускімі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці.
    • Бакі будуць рэгулярна праводзіць сустрэчы для ацэнкі прагрэсу супрацоўніцтва і вызначэння далейшых магчымасцяў і новых напрамкаў.

    Артыкул 4: Фінансавыя аспекты

    Гэты Мемарандум не з’яўляецца юрыдычна абавязковым фінансавым абавязацельствам. Любы фінансавы або лагістычны ўклад з боку аднаго з Бакоў будзе ажыццяўляцца па асобных дамоўленасцях і пры наяўнасці адпаведных рэсурсаў.

    Артыкул 5: Тэрмін дзеяння і спыненне

    • Гэты Мемарандум уступае ў сілу з моманту яго падпісання абодвума Бакамі і дзейнічае на працягу трох гадоў, з магчымасцю падаўжэння па ўзаемнай згодзе.
    • Кожны Бок можа спыніць дзеянне гэтага Мемарандума, паведаміўшы пра гэта за месяц у пісьмовай форме.

    Падпісана ў Бруселі 18 чэрвеня 2025 года ў двух арыгінальных асобніках.

    За ЕЭСК За дэмакратычныя сілы Беларусі
    Олівер Ропке Святлана Ціханоўская
    Прэзідэнт ЕЭСК Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі

    Апошнія навіны