Беларуская лідарка знаходзіцца ў Гданьску з працоўным візітам. Праграма мерапрыемстваў пачалася ўскладаннем кветак да помніка суднавым рабочым горада, якія загінулі падчас трагічных падзеяў снежня 1970 года. Тады пратэсты людзей супраць камуністычнай улады былі жорстка падаўленыя вайскоўцамі, што выкарысталі зброю. У выніку сутыкненняў загінулі дзясяткі людзей. Святлана Ціханоўская разам з еўрапейскімі палітыкамі ўшанавалі памяць ахвяраў.
Галоўная падзея дня – адкрыццё Форуму Касцюшкі. Да мерапрыемства, прысвечанага дэмакратычным пераўтварэнням у Беларусі і рэгіёне, далучыліся вядомыя палітыкі, эксперты і актывісты з больш чым дзясятка еўрапейскіх краінаў.
У выступе, які адкрываў івэнт, Святлана Ціханоўская падкрэсліла: ідэалы, за якія змагаўся Касцюшка – свабода, роўнасць і народны суверэнітэт – актуальныя і сёння. Яна адзначыла, што незалежнасць і дэмакратыя патрабуюць не толькі ўнутранай стойкасці, але і міжнароднай падтрымкі:
«Як Польшча некалі прайшла свой шлях да волі, гэтак і беларусы зробяць тое ж самае. Гэты шлях можа быць доўгім, але гэта адзіны шлях, які трэба прайсці. Гэта адзіны спосаб забяспечыць нашае выжыванне і росквіт».