Падчас Дзён Беларусі у Бруселі Святлана Ціханоўская сустрэлася з новым еўракамісарам па пытаннях абароны Андрусам Кубілюсам.
Святлана Ціханоўская павіншавала Кубілюса з прызначэннем, падзякавала за яго шматгадовую падтрымку падчас працы ў Еўрапарламенце і выказала спадзяванне на больш цеснае супрацоўніцтва ў будучыні.
На сустрэчы абмеркавалі апошнія падзеі ў Беларусі, сярод якіх падпісаныя пагадненні і «гарантыі бяспекі» Беларусі і Расіі, абыход рэжымам санкцыяў і пастаўленне зброі ў Расію. Асаблівую ўвагу звярнулі пытанню дапамогі беларускім ветэранам, якія ваявалі на баку Украіны.
Беларуская лідарка падкрэсліла важнасць таго, каб Беларусь заставалася прыярытэтам для новай Еўракамісіі, і распавяла пра планы дэмакратычных сілаў на кампанію «бязвыбары».
«Я ўдзячная камісару Кубілюсу за яго салідарнасць і падтрымку. Гэта адзін з наймацнейшых нашых саюзнікаў у Бруселі. Цяпер, калі пытанне незалежнасці Беларусі і бяспекі ў рэгіёне стаіць асабліва востра, нам трэба яшчэ лепш каардынавацца, абменьвацца інфармацыяй. Неабходна не дапусціць поўнамаштабнага ўцягвання Беларусі ў вайну», – адзначыла лідарка.