• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • «Калі змагаешся з тыраніяй, не маеш права на тайм-аўт і асабісты камфорт» – Святлана Ціханоўская 

    27 верасня, 2024

    Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел ва ўрачыстасцях форуму СЕРА. Форум CEPA – гэта буйнейшае мерапрыемства, прысвечанае пытанням бяспекі, дэмакратыі і стабільнасці, што паўстаюць перад трансатлантычным альянсам. Ключавым элементам праграмы з’яўляецца гала-вечар, на якім уручаюцца ўзнагароды CEPA Forum Leadership Awards.

    Святлана Ціханоўская:

    «Дзякуй, спадар Лукас, за вашыя цёплыя словы.

    Паважаныя госці,

    Сябры,

    Дзякуй неверагоднай камандзе CEPA, што сабралі нас усіх тут сёння,

    Для мяне вялікі гонар і прывілей стаяць на гэтай сцэне.

    Сёння мы ўшаноўваем герояў дэмакратыі. Людзей, якія нястомна працуюць і ўвасабляюць каштоўнасці, за якія мы змагаемся і якія так глыбока шануем: Свабоду і Мір, Справядлівасць і Правы чалавека.

    Сёння мы ўшаноўваем лідараў, якія знаходзяцца на перадавой сусветнай барацьбы за дэмакратыю. І калі б мне прапанавалі стварыць каманду мары змагароў за свабоду, я б дакладна ўключыла ў яе гэтых пяць чалавек.

    Міністр Ландсбергіс – сапраўдны сябар і лідар, ад якога трымцяць дыктатары.

    Першая лэдзі Алена Зяленская – жанчына, якая мужна стаіць побач са сваім мужам і ўкраінскім народам. Я сама натхняюся прыкладам Алены.

    Кангрэсмен Цёрнер, які ўзначальваў Асамблею найбуйнейшага ваеннага альянсу дэмакратычных краінаў, або кангрэсмен Маккол, які люта адстойвае інтарэсы Украіны.

    І, вядома ж, Уладзімір Кара-Мурза – бясстрашны і непераможны крытык пуцінскага рэжыму. Ён толькі што выйшаў з турмы і адразу ж вярнуўся да барацьбы. Так трымаць!

    Учора на Генеральнай Асамблеі ААН – як за кулісамі, так і на сцэне – я шмат чула пра… стомленасць. Стомленасць ад вайны. Стомленасць ад Пуціна і Лукашэнкі… Пра гэта так шмат казалі, што я сама адчула стомленасць ад стомленасці.

    Пра якую стомленасць мы наогул гаворым?

    Раскажыце пра стомленасць украінскім салдатам у акопах. Раскажыце пра стомленасць мужчыне-бацьку, у якога пасля расійскага абстрэлу загінула ўся сям’я.

    Раскажыце пра стомленасць беларускім палітычным вязням, якія літаральна паміраюць у лукашэнкаўскіх турмах.

    Раскажыце пра стомленасць 77-гадовай Ніне Багінскай, якая кожны дзень выходзіць на вуліцу з нашым нацыянальным сцягам. Яе арыштоўваюць, выпускаюць, а яна за ноч сшывае новы сцяг і зноў выходзіць на вуліцу.

    Раскажыце пра стомленасць сотням тысячаў беларусаў, якія страцілі свае дамы, былі вымушаныя з’ехаць у выгнанне, але гэта не зламала іх дух, і яны працягваюць змагацца.

    Ніхто з іх не мае права на стомленасць. І ў нас гэтага права таксама няма. Мы адчуваем гэтую стомленасць, таму што не ведаем, калі ўсё скончыцца. Калі Украіна пераможа. Калі абрынецца рэжым Лукашэнкі. Але часам мы не можам ведаць, калі гэта адбудзецца. Усё, што мы можам зрабіць, – гэта наблізіць гэты момант. Мы мусім так рабіць проста таму, што так трэба.

    Я думала: што агульнага ў сённяшніх лаўрэатаў? Ва ўсіх іх ёсць імунітэт да стомленасці. І ў іх няма цярпімасці да дыктатуры і несправядлівасці.

    Калі змагаешся з тыраніяй, не маеш права на тайм-аўт і асабісты камфорт. У гэтай барацьбе патрэбныя ахвяры, паслядоўнасць і мужнасць. Бо дыктатары ўспрымаюць любыя сумневы, любыя ваганні як слабасць.

    Мы павінны працягваць аказваць ціск на дыктатараў – на Лукашэнку і Пуціна. За кожнае злачынства і за кожнае зламанае жыццё яны павінны заплаціць.

    Нам трэба падтрымаць усіх, хто знаходзіцца на перадавой, і тых, хто трапіў у турму.

    Нам трэба разумець: ні ў адной вайне, ні ў адной бітве немагчыма перамагчы ў адзіночку. У гэтай барацьбе неабходныя саюзнікі – і многія з іх сёння ў гэтай зале.

    Нам патрэбныя такія саюзнікі, як Злучаныя Штаты Амерыкі. Вы – маяк надзеі для многіх народаў. Не пераставайце адстойваць тое, што правільна.

    Не пераставайце падтрымліваць Украіну. Таму што гэта не проста «‎іх»‎ барацьба. Гэта нашая супольная барацьба за свабоду.

    Не спыняйце падтрымліваць Беларусь. Таму што тыранія заразная: калі яе не спыніць, яна распаўсюджваецца. Мы павінны адпрэчыць саму думку, што тыранаў можна ўлагодзіць або перавыхаваць. Дыктатары не спыняцца, пакуль іх не спынім мы.

    Дарагія сябры,

    У завяршэнне я хацела б падзяліцца з вамі адной думкай. Я зайздрошчу амерыканцам. Праз месяц у вас будуць прэзідэнцкія выбары. Вольныя і справядлівыя. У беларусаў іх не было ўжо трыццаць год. Паверце мне, гэта такая раскоша – не ведаць, хто будзе тваім наступным прэзідэнтам!

    Дзякуй за вашую падтрымку. За вашую салідарнасць з Беларуссю і Украінай. Шлях да свабоды можа быць доўгім і цяжкім, але гэта той самы шлях, які варты таго, каб яго прайсці. Давайце пройдзем яго разам.

    Божа, благаславі Амерыку! Слава Украіне! Жыве Беларусь!»

    Апошнія навіны