Важныя навіны з Жэневы: Рада ААН па правах чалавека працягнула мандаты Спецыяльнага дакладчыка і Групы незалежных экспертаў па Беларусі яшчэ на адзін год. Гэта рашэнне пацвярджае, што міжнародная супольнасць не мае намеру закрываць вочы на працяглы тэрор і прававы хаос у нашай краіне.
Нягледзячы на поўную адсутнасць супрацоўніцтва з боку Мінска і спробы рэжыму заблакаваць працу міжнародных механізмаў, збор доказаў парушэнняў правоў чалавека будзе працягнуты. Гэта аснова для будучага правасуддзя і непазбежнага прыцягнення вінаватых да адказнасці.
Дарадца па прававых пытаннях Леанід Марозаў:
«Працяг мандатаў ААН — гэта выразны сігнал для рэжыму: свет фіксуе кожнае вашае злачынства. Сёння рэпрэсіі ў Беларусі набываюць усё больш вытанчаны характар, выходзячы за межы фізічнага гвалту ў прававую плоскасць. Катаванні, бесчалавечныя ўмовы ўтрымання і пазбаўленне грамадзянаў базавых правоў сталі сістэмнай практыкай.
Праца незалежных экспертаў ААН мае крытычнае значэнне для пераадолення атмасферы беспакаранасці. Кожнае парушэнне, кожны незаконны прысуд і кожны выпадак адміністрацыйнага ціску дакументуюцца паводле міжнародных стандартаў.
Мы працягнем наша шчыльнае ўзаемадзеянне з праваабарончымі механізмамі ААН і дзякуем дэлегацыі ЕС за ініцыятыву і ўсім 28 краінам, якія падтрымалі рэзалюцыю. Гэта важны крок у нашай агульнай барацьбе за аднаўленне законнасці ў Беларусі».
