Паводле Нашай Нівы, за апошнія 10 гадоў у Беларусі скарацілася насельніцтва ўсіх буйных гарадоў, за выключэннем пяці. Беларускія гарады, якія раней прыцягвалі людзей і рэсурсы, губляюць людзей, працу і будучыню. І гэта не «натуральная дэградацыя», а вынік канкрэтных палітычных і эканамічных рашэнняў.
Што кажа статыстыка?
– Светлагорск страціў больш за 10% насельніцтва. Горад з буйным прадпрыемствам замест развіцця атрымаў экалагічныя праблемы, аварыйныя сітуацыі, страх за здароўе і жыццё.
– Орша таксама страціла каля 10% жыхароў. Нават паказальныя дзяржаўныя праграмы не спрацавалі, бо без свабоднай эканомікі і канкурэнцыі яны застаюцца пустымі лозунгамі.
– Салігорск — 6,5%. Калісьці ён быў лідарам па заробках, а цяпер займае толькі пятае месца. Залежнасць ад аднаго рынку і адсутнасць дыверсіфікацыі б’юць па горадзе і яго людзях.
Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі:
«За кожнай лічбай стаіць канкрэтная сям’я, выбар з’язджаць, страчаныя магчымасці і адчуванне, што дома няма будучыні. Гэтая сітуацыя — прамы вынік звышцэнтралізацыі і залежнасці ад аднаго «партнёра». Калі ўсе грошы і рашэнні застаюцца ў Мінску, гарады і рэгіёны асуджаныя на стагнацыю».
Пераламаць гэты трэнд могуць два ключавыя рашэнні:
1. Сапраўднае мясцовае самакіраванне.
Калі грошы і паўнамоцтвы застаюцца на месцах, а мэры і гарадскія рады адказваюць перад жыхарамі, а не перад вертыкаллю. Тады гарады могуць канкураваць за людзей якасцю жыцця, экалогіяй, працай і камфортам.
2. Еўрапейскі выбар для Беларусі як эканамічная стратэгія.
Даследаванні паказваюць: інтэграцыя з еўрапейскай эканамічнай прасторай — гэта не пра геапалітыку, а пра новыя рынкі, інвестыцыі, тэхналогіі і рэальныя працоўныя месцы. І важна адчуць розніцу: гэта будуць рынкі па плацежаздольнасці ў 10 разоў большыя, інвестыцыі з навейшымі тэхналогіямі, а працоўныя месцы — з высокай культурай працы. Нездарма кітайскі «адзін пояс — адзін шлях» вядзе менавіта ў Еўропу праз Расію і Беларусь.
Беларусы павінны мець прычыну заставацца дома — не з прымусу, а з надзеі. І гэта магчыма ў вольнай, дэмакратычнай краіне».
