У Беларусі працягваюцца затрыманні людзей па вяртанні на радзіму. З пачатку 2024 года, паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», было затрымана не менш за 55 чалавек. У мінулым годзе зафіксавана больш за 200 такіх выпадкаў.
Беларуская лідарка пракаментавала затрыманні беларусаў, якія вяртаюцца дадому з-за мяжы:
«Сёння рэжым зазывае нас дадому рознымі спосабамі. Стварае камісіі па вяртанні, абяцае прабачэнне ўсіх «грахоў». Але ўсё гэта суцэльны падман: вам прапануюць альтэрнатыву, якой насамрэч няма. Усё скончыцца рэпрэсіямі, як толькі вы перасечаце мяжу.
Дарагія мае, я не магу раіць вам, як рабіць: у кожнага з нас ёсць прычыны для вяртання дадому. Але я шчыра прашу берагчы сябе і вельмі сур’ёзна ўзважыць усе «за» і «супраць» перад паездкай у Беларусь. Калі існуюць асцярогі, што вы можаце патрапіць пад пераслед, калі ласка, не выпрабоўвайце лёс. Не рызыкуйце сабой і не паддавайцеся на хітрасці прапаганды».