Я расказваю, што Беларусь апынулася ў сітуацыі, дзе правы чалавека і асноўныя свабоды парушаюцца з дня ў дзень. Нашыя суайчыннікі, мужчыны і жанчыны, якія адважыліся выступіць супраць рэжыму, знаходзяцца за кратамі ў немагчымых умовах.
Асаблівую ўвагу я заўсёды звяртаю на нашых палітычных зняволеных, якія знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада, а значыць – без сувязі з роднымі і знешнім светам.
Вы ведаеце, што для мяне гэта пытанне асаблівае, асабістае. Майго мужа, Сяргея Ціханоўскага, рэжым хавае ўжо 527 дзён. Нашыя дзеці штодня пытаюцца пра тату, а мне застаецца цешыць іх надзеямі, што тата хутка вернецца дамоў.
На жаль, мой муж не адзіны, хто знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада:
Сяргей Ціханоўскі – 527 дзён
Ігар Лосік – 544 дні
Марыя Калеснікава – 549 дзён
Мікалай Статкевіч – 554 дні
Максім Знак – 555 дзён
Віктар Бабарыка – 558 дзён
Уладзімір Кніга – 346 дзён
І гэта не проста лічбы! Гэта кожны дзень у адзіночнай камеры ў ШЫЗА без ацяплення, без магчымасці легчы на тое, што называецца ложкам, гэта кожнае сямейнае свята без родных.
Сёлета былі вызваленыя 19 палітзняволеных. І гэта – ужо вялікае шчасце для кожнага і кожнай з нас.
Міжнародная падтрымка мае неацэннае значэнне ў гэтай барацьбе. Мы заклікаем міжнародныя арганізацыі, урады і простых грамадзян па ўсім свеце звяртаць увагу на тое, што адбываецца ў Беларусі. Іх дзеянні і санкцыі супраць рэжыму спрыяюць вызваленню нашых герояў і аднаўленню справядлівасці.
Не менш важнай з’яўляецца падтрымка беларусаў. Я разумею, што для многіх гэта можа быць небяспечна. Але калі ёсць магчымасць, здзяйсняйце нават самыя простыя акты салідарнасці: пішыце лісты ў турму, бярыце ўдзел у мірных акцыях або проста распаўсюджвайце інфармацыю пра палітвязняў.
Мы павінны быць моцнымі і адзінымі ў барацьбе за свабоду і справядлівасць. Кожны з нас уносіць унёсак у гэтую агульную справу, і разам мы абавязкова пераможам.