26 лістапада 2024 года ў Атаве адбыліся стратэгічныя кансультацыі Ураду Канады і прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў: Святланы Ціханоўскай і яе Офіса, членаў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі.
Сустрэча прайшла ўпершыню і была прысвечаная пытанням:
– абароны асноўных правоў чалавека;
– дэмакратычнай устойлівасці;
– мэтанакіраваным санкцыям;
– дэмакратызацыі;
– вяршэнства права;
– дзеянням па забеспячэнні адказнасці рэжыму Лукашэнкі.
Удзельнікі выказалі сур’ёзную занепакоенасць працяглым ігнараваннем волі беларускага народа, асабліва напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2025 года ў Беларусі, якія, як чакаецца, не будуць свабоднымі і справядлівымі.
Бакі рашуча асудзілі сістэматычнае выкарыстанне катаванняў, нечалавечага і зневажальнага абыходжання або пакарання, утрымання без сувязі са знешнім светам і іншых формаў рэпрэсіяў у Беларусі. Яны заклікалі да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і аднаўлення дэмакратычных свабод у краіне.
Канада падкрэсліла прыхільнасць узмацненню міжнародных намаганняў па супрацьдзеянні ўплыву Расіі і абароне правоў грамадзянаў Беларусі, уключаючы іх права на самавызначэнне. Бакі адзначылі важнасць усталявання сувязяў паміж беларускай грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнымі інстытутамі Еўропы і Паўночнай Амерыкі, а таксама ўмацавання міжнародных сетак, якія падтрымліваюць беларусаў у барацьбе за свабоду, правы чалавека і незалежнасць.
Урад Канады пацвердзіў прыхільнасць да выкарыстання мэтанакіраваных санкцыяў супраць асобаў і арганізацыяў, якія парушаюць правы чалавека або падтрымліваюць, наўпрост ці ўскосна, агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны.
Улічваючы важную ролю незалежных СМІ, абодва бакі пагадзіліся падтрымліваць беларускіх журналістаў і медыяарганізацыі – асабліва тыя, што забяспечваюць дакладную інфармацыю аўдыторыі як унутры Беларусі, так і за яе межамі.
Кансультацыі Канады з беларускімі дэмакратычнымі сіламі пацвердзілі агульнае бачанне свабоднай і дэмакратычнай Беларусі: вольнай ад прыгнёту, карупцыі і замежнага ўмяшання. Бакі выказалі гатоўнасць працягваць адстойваць агульныя дэмакратычныя каштоўнасці і свабоды, паглыбляючы партнёрства праз узмоцненае супрацоўніцтва і рэалізацыю сумесных ініцыятываў, накіраваных на будаўніцтва будучыні, дзе Беларусь будзе свабоднай ад прыгнёту і знешняга ўмяшання.