26 студзеня дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчу з прадстаўнікамі Вільнюскай гарадской рады і мэрыі.
Сустрэча адбылася на фоне разгляду Радай зменаў да парадку прыёму ў школы, якія могуць абмежаваць доступ дзяцей замежнікаў з часовымі і сталымі дазволамі на жыхарства да навучання ў школах з нелітоўскай мовай выкладання.
Ад літоўскага боку ў сустрэчы ўдзельнічалі: сябра камітэта па культуры і турызме Рамінта Кершытэ, старшыня камітэта па пытаннях адукацыі Вітаўтас Вайцекунас, старшыня эканамічна-фінансавага камітэта Вільнюскай гарадской рады Вігінтас Гаспаравічус і дарадца мэра Вільнюса па міжнародных справах Вікінтас Вайткявічус.
Асноўны фокус размовы — захаванне Беларускай гімназіі імя Скарыны. Кучынскі адзначыў, што гаворка ідзе пра захаванне беларускай мовы, культуры і ідэнтычнасці. Прадстаўнікам самакіравання быў перададзены ліст ад бацькоў беларускіх дзяцей, які падпісала больш за 200 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі інтэлігенцыі, грамадскія дзеячы і палітыкі.
Літоўскі бок запэўніў, што разумее важнасць беларускай культуры і мовы, асабліва ў кантэксце супрацьстаяння «рускаму свету», і лічыць важнай інтэграцыю беларусаў у літоўскае грамадства, у тым ліку праз адукацыю.
У выніку сустрэчы бакі дамовіліся шукаць рашэнне, якое дазволіць:
– захаваць працу Беларускай гімназіі;
– забяспечыць магчымасць паступлення новых вучняў;
– падтрымаць беларускую мову і культуру ў Літве.
Акрамя таго, было ўзнята пытанне важнасці захавання Беларускага Дома як цэнтра культурніцкага, адукацыйнага і грамадскага жыцця беларусаў у Літве. Дыпламатычны дарадца распавёў літоўскаму боку пра яго ініцыятывы: пра Беларускую школу, адукацыйныя праекты (напрыклад, курсы літоўскай мовы і адкрытыя лекцыі на розныя тэмы), музейную і бібліятэчную дзейнасць, працу з дзецьмі і дарослымі. Кучынскі падкрэсліў іх важнасць і папрасіў, каб гэтая праца і падтрымка з боку горада працягваліся.
Дзяніс Кучынскі: «Мы папрасілі працягваць падтрымку гэтай дзейнасці як важнай часткі беларуска-літоўскага партнёрства. З дапамогай асацыяцыі беларускіх бацькоў у Літве мы перадалі неабходныя звесткі прадстаўнікам самакіравання. Вялікі дзякуй бацькам за прынцыповую і адказную пазіцыю — менавіта яна сёння мае ключавое значэнне.
Офіс Святланы Ціханоўскай працягвае сістэмную працу па абароне правоў беларусаў у Літве і падтрымлівае ініцыятывы бацькоўскай супольнасці, грамадзянскіх арганізацыяў і партнёраў. Мы данеслі свае мэсэджы — і яны былі пачутыя».
