Дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч у інтэрв’ю «Нашай Ніве» прааналізаваў эканамічную палітыку рэжыму Лукашэнкі, яе наступствы для краіны і магчымыя змены ў эканамічнай палітыцы пасля #бязвыбары2025.
Адказы на галоўныя пытанні:
- Што зменіцца ў эканамічнай палітыцы Лукашэнкі пасля «бязвыбараў»?
«Трымаць кантроль над эканомікай для Лукашэнкі важней, чым даваць людзям і бізнесу развівацца. Таму не бачна ніякіх прыкметаў таго, што пасля выбараў можа пачацца нейкая лібералізацыя ў эканамічным плане. Можна будзе чакаць працягу той палітыкі, якая была апошнія чатыры гады: рэпрэсіі супраць прыватнага бізнесу, забарона на продаж акцыяў 1850 кампаніяў, якія маюць замежны капітал, і штучнае рэгуляванне цэнаў».
- Чаго чакаць бізнесу ў Беларусі?
«Наступны год будзе апошнім для прыблізна 10%. Ім давядзецца змяніць форму дзейнасці і ўтварыць юрыдычную асобу або закрыць справу. Цягам апошніх гадоў умовы працы для індывідуальных прадпрымальнікаў сістэматычна пагаршаліся: раслі падаткі, скасоўваліся ільготы, спіс відаў дзейнасці, даступных для ІП, таксама скарачаўся. Таму ў гэтым напрамку ўлады проста працягнуць рабіць тое, што запланавалі раней».
- Ці ёсць перспектывы для эканамічнага росту ў Беларусі?
«Пры сённяшнім палітычным рэжыме Беларусь чакае працяг застою. І справа не ў эканамічных санкцыях, а ў стымулах, якія ствараюць улады. У другім квартале 2014 годзе сярэдні заробак бруднымі ў Беларусі складаў $600. Напачатку 2020 года, то бок да кавіду, выбараў, масавых рэпрэсіяў, вайны і эміграцыі каля паловы мільёна беларусаў, сярэдні заробак у Беларусі ледзь перавышаў $500 – менш чым у 2013-2014 гадах. Ужо тады было бачна, што беларуская эканоміка не дае росту. Наступныя падзеі толькі ўзмацнілі гэта перакананне».