Беларуская лідарка дала інтэрв’ю армянскаму 1in TV, дзе распавяла, чаму лічыць АДКБ інструментам дыктатараў, якімі бачыць сапраўдныя палітычныя саюзы, а таксама выказала спадзяванне на ўмацаванне супрацоўніцтва Арменіі з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
Галоўныя цытаты Святланы Ціханоўскай:
📌 «Рэжым Лукашэнкі здрадзіў беларускаму народу, здрадзіў Украіне і Арменіі. Я разумею, што доўгі час у Арменіі магла быць ілюзія, што з Лукашэнка можна сябраваць, гандляваць, наладжваць сувязі. Але цяпер стала відавочна, што з ім нельга мець справаў. Калі ты дапамагаеш адной краіне захапіць іншую, якую ты да нядаўняга часу называў сяброўскай, то што гэта, калі не здрада?»
📌 «Рэжым Лукашэнкі і Пуціна – пагроза не толькі суседзям, але і ўсёй Еўропе. Таму што цяпер гэтыя так званыя сябры дапамагаюць адзін аднаму абыходзіць санкцыі. Яны карыстаюцца АДКБ як укрыццём для дасягнення палітычных і вайсковых мэтаў. А іх мэта – усталяваць кантроль над краінамі-суседзямі».
📌 «Імперыялістычная Расія не бачыць ні Беларусь, ні Украіну, ні Арменію свабоднымі, незалежнымі дзяржавамі. Але мы вольныя народы, мы не частка Расеі. Мы сваю будучыню жадаем выбудоўваць самі, не гледзячы ўвесь час на вялікага па памерах суседа».
📌 «Кожны саюз павінен быць супрацоўніцтва раўнапраўных партнёраў. А калі гэта саюз, дзе адна краіна навязвае волю іншым, гэта не саюз – гэта прымус. І таму Беларусь павінна выйсці з усіх саюзаў, якія перашкаджаюць вольнаму развіццю нашай краіны, якія не ў нашых інтарэсах, якія навязваюць чужую волю нашаму народу. Раўнапраўе – на вяршыні кожнага саюза. Толькі так можна выбудоўваць сумленныя і надзейныя стасункі».