Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка і прадстаўнік Офіса Святланы Ціханоўскай у Эстоніі і Латвіі Віталь Малчанаў правялі сустрэчы ў Таліне з прадстаўнікамі Міністэрства замежных справаў, Міністэрства ўнутраных справаў, дэпутатамі парламента і кіраўніком групы сяброў свабоднай Беларусі Урмасам Рэйнсалу, амбасадарам ЗША ў Эстоніі Джорджам Кентам. Вячорка перадаў прапановы ад дэмакратычных сілаў па змякчэнні абмежаванняў супраць аўтамабіляў на беларускіх нумарах, узмацненні санкцыяў супраць рэжыму дзеля закрыцця шчылінаў, міграцыйным крызісе і палітыцы Еўрасаюза па Беларусі.
Франак Вячорка: «Эстонія адкрытая да дыялогу з дэмакратычнымі сіламі. Падчас сустрэчаў мы дамовіліся на шэраг выключэнняў для ўезду беларускіх аўтамабіляў, у першую чаргу па гуманітарных прычынах. Таксама абмеркавалі спосаб перарэгістрацыі аўтамабіляў беларусаў, якія ўжо пражываюць у ЕС. Колькасць аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй, якія ўязджаюць у Эстонію, насамрэч мізэрная. Мы прапануем Эстоніі прыняць выключэнні, якія зрабіла Польшча – дазволіць уязджаць аўтамабілям, калі ўласнік-беларус знаходзіцца ў салоне.
Мы прасілі змякчыць і ўмовы легалізацыі для беларусаў – на жаль, дзейнае заканадаўства досыць жорсткае для ўсіх замежнікаў, але мы шукаем рашэнні.
Таксама мы гаварылі пра закрыццё шчылінаў у санкцыях Еўрасаюза. Апошні пакет санкцыяў моцна ўдарыў па рэжыме, і мы бачым, што ён шукае новыя шчыліны, каб працягваць гандаль. Таксама абмеркавалі індывідуальныя санкцыі супраць прапагандыстаў, чыноўнікаў, суддзяў – памагатых рэжыму, і шляхі прыцягнення рэжыму да адказнасці.
Увосень мы плануем вялікую беларуска-эстонскую гістарычную канферэнцыю ва ўніверсітэце Тарту, а таксама шэраг культурніцкіх мерапрыемстваў».