Сёння Святлана Ціханоўская знаходзіцца ў Берліне з аднадзённым візітам, яна правядзе двухбаковую сустрэчу з міністаркай замежных спраў Аналенай Бербак. Таксама беларуская лідарка выступіць на мерапрыемстве ў міністэрстве замежных спраў Германіі. Плануецца камунікацыя з прэсай і сустрэчы з дыпламатамі.
Галоўныя тэмы для абмеркавання на сустрэчы з Бербак:
– падтрымка Украіны і гуманітарная дапамога беларускім і ўкраінскім уцекачам. Спрашчэнне візавага рэжыму і ўмоў знаходжання ў ЕС. Дапамога беларускім СМІ і грамадзянскай супольнасці;
– санкцыі ў дачыненні да рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна за ўцягванне Беларусі ў вайну супраць Украіны. Дэлегітымізацыя і дыпламатычная ізаляцыя рэжыму Лукашэнкі, выключэнне яго з міжнародных арганізацый і структур;
– пагрозы для незалежнасці Беларусі. Фактычная акупацыя расійскімі войскамі тэрыторыі Беларусі. Гарантыі міжнароднай супольнасці па абароне беларускага суверэнітэту.
Таксама Ціханоўская правядзе брыфінг для дыпламатычнага корпуса, у тым ліку прадстаўнікоў краін-чальцоў Рады Бяспекі і Рады па правах чалавека ААН. Выступ Ціханоўскай будзе датычыцца пытанняў уцягвання Беларусі ў вайну супраць Украіны, неабходнасці міжнародных гарантый незалежнасці Беларусі, прыцягнення вінаватых да адказнасці, а таксама гуманітарнай дапамогі беларусам унутры краіны і бежанцам з Беларусі і Украіны.