Святлана Ціханоўская: «Больш за два гады ў Беларусі людзей катуюць у турмах. Я лічу сваім абавязкам распавядаць пра гэта, крычаць пра гэта як мага гучней – і не толькі пра тых, каго я ведаю асабіста, а абсалютна пра кожнага. Учора, калі я даведалася, што Марыя Калеснікава ў рэанімацыі, сэрца сціснулася яшчэ мацней.
Маша – сапраўдная лідарка і сімвал пераменаў для ўсёй Беларусі. Але яшчэ яна мая баявая сяброўка. Яна паказала мне, якімі моцнымі могуць быць жанчыны, заахвоціла паверыць у сябе, яна зараджала мяне і ўсіх навакольных верай у тое, што нам па плячы нават самыя складаныя выклікі. Нават з турмы Маша старалася падтрымліваць нас, перадавала цёплыя словы, падбадзёрвала, паказваючы, што яна не здаецца, значыць, мы тым больш не павінны апускаць рукі.
Няхай на адлегласці, але я моцна абдымаю цябе, мая родная. Здароўя табе і сілаў выбрацца з гэтага жаху. Зараз для ўсіх нас галоўнае – тваё здароўе.
Ад усёй душы – мая падтрымка сям'і Машы, яе тату Аляксандру і сястры Тані Хоміч, а таксама Віктару Бабарыку і ўсёй яго моцнай камандзе».