Ціханоўская: «Адзін з галоўных прынцыпаў негвалтоўнага супраціву – салідарнасць. Салідарнасць патрэбная нам з вамі, каб мы адчувалі, што не адны. Салідарнасць патрэбная, каб паказаць рэжыму, што мы разам, мы не хочам здавацца і не станем маўчаць. Таму што нашае маўчанне – галоўны памагаты злачынцаў.
У цяперашніх умовах нават маленькі крок – гэта крок наперад. Таму мы далучаемся да акцыі «Колер супраць цемры», бо каб вярнуць веру ў сябе, трэба з чагосьці пачаць. Улетку 2020 года мы пачалі з белых бранзалетаў і ўбачылі, што нас большасць. Белы – наш колер, і яго ў нас ужо ніхто не зможа адабраць. Колер, па якім мы пазнавалі адно аднаго тады і пазнаем зараз. Колер свабоды і святла.
Як мы вернем белы колер у наш пратэст?
1) Усім удзельнікам мы прапануем змяніць свой аватар на белы і зрабіць белыя пасты ў сваіх сацсетках. Наш хэштег для сацыяльных сетак: #ЦветПротивТьмы
2) Кожны чацвер мы абвяшчаем белым чацвяргом. У гэты дзень мы будзем хадзіць на працу ці вучобу ў белай вопратцы – футболках, блузках або кашулях. Падыходзячая белая рэч напэўна знойдзецца ў кожнага.
3) Кожныя выходныя мы будзем выходзіць на вуліцу – не важна, на шпацыр або па справах – у любой белай вопратцы ці абутку. Няхай людзі ў белым вернуць у нашыя гарады тое святло, якое мы разам запалілі ў іх мінулым летам.
4) Кожны тыдзень мы будзем запускаць новыя белыя флэшмобы ў сацыяльных сетках, каб далучыць да акцыі як мага больш людзей.
Падтрымайце акцыю НАК «Колер супраць цемры», як гэта ўжо зрабілі Каардынацыйная Рада, Сумленныя людзі, Голас, Зубр, Краіна Для Жыцця, Фонд Спартыўнай Салідарнасці, Маланка – і многія іншыя нашыя прыхільнікі.
Распаўсюджвайце хэштэг #ЦветПротивТьмы і сачыце за навінамі пра акцыю ў незалежных медыя».