Сёння Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм'ер-міністрам Янэзам Яншам і міністрам замежных спраў Славеніі Анжэ Логарам. Сустрэча важная, бо з 1 ліпеня 2021 Славенія будзе старшынстваваць у Еўрасаюзе.
На сустрэчах:
– Ціханоўская распавяла пра сітуацыю з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі, рэпрэсіі, справы Статкевіча, Лосіка, Ціханоўскага і пра сотні беларусаў, якія без віны знаходзяцца ў турме па палітычных матывах;
– Славенія высока ацаніла ініцыятыву галасавання за правядзенне перамоў. Таму на сустрэчах з міністрамі абмяркоўваліся планы па правядзенні міжнароднай палітычнай канферэнцыі высокага ўзроўню аб вырашэнні крызісу ў Беларусі, у тым ліку пры ўдзеле ПА АБСЕ і сусветных палітыкаў;
– беларуская лідарка заклікала падтрымаць платформу па зборы доказаў парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі (IAPB), якая ўжо пачала сваю працу. Славенскі бок падкрэсліў важнасць гэтага механізму ў барацьбе за галоснасць аб парушэннях правоў беларусаў;
– абмеркавалі магчымыя праграмы супрацоўніцтва для спецыялістаў IT-сектара і рэпрэсаваных дзеячаў культуры Беларусі;
– абмеркавалі фармат удзелу Беларусі ў саміце Усходняга партнёрства, які пройдзе восенню гэтага года. Пастаўлена пытанне пра тое, што там абавязкова павінны прысутнічаць Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі. Ціханоўская падкрэсліла, што саміт павінен прайсці без удзелу Лукашэнкі.
Прэм'ер-міністр Янша адзначыў, што тэма Беларусі не сыходзіць з парадку дня ЕС і беларускі крызіс будуць абмяркоўваць на бліжэйшых сустрэчах у Бруселі. Пасля сустрэчы ён напісаў твіт, адрасаваны Ціханоўскай: «Мы добра ведаем, як гэта жыць у недэмакратычным рэжыме і бачыць наступствы скрадзеных выбараў. Працягвайце вашую барацьбу. Мы цалкам падтрымліваем вас».