Святлана Ціханоўская знаходзіцца з працоўным візітам у Бруселі. У пачатку дня Ціханоўская сустрэлася са спікеркай бельгійскага парламента Эліян Тылье. Спікерка выказала захапленне і падтрымку беларусам, якія працягваюць барацьбу, нягледзячы на рэпрэсіі. Святлана Ціханоўская прапанавала спікерцы і іншым дэпутатам парламента стаць «хроснымі» для палітычных зняволеных у Беларусі. Іак ужо зрабілі многія дэпутаты іншых краінаў – яны пішуць лісты палітвязням і дапамагаюць сем'ям рэпрэсаваных.
Адразу пасля сустрэчы са спікеркай Святлана Ціханоўская накіравалася на сустрэчу з дэпутатамі, якія адразу паведамілі пра стварэнне міжпартыйнай парламенцкай групы «Сяброў свабоднай Беларусі», куды ўвайшлі дэпутаты Мішэль Дэ Мегд, Жорж Дальмань, Самюэль Кагалаці. Разам з Ціханоўскай, яны вызначылі наступныя напрамкі працы:
– дапамога палітычным вязням;
– лабіраванне беларускай тэмы ў міжнародных арганізацыях і парламенцкіх саюзах;
– стажыроўкі для маладых беларусаў у бельгійскім парламенце;
– кансультацыі ў падрыхтоўцы законаў для новай Беларусі.
На сустрэчы з еўракамісаркай па ўнутраных справах Ільвай Ёхансан Ціханоўская дамовілася стварыць спецыяльную групу па вырашэнні візавых і міграцыйных пытанняў беларусаў. Група пачне сваю працу ўжо на гэтым тыдні і будзе збірацца на рэгулярнай аснове. Абмеркаваныя таксама пытанні, якія датычацца злоўжывання рэжымам магчымасцямі Інтэрпола. Справа ў тым, што пасля пачатку вайны супраць Украіны многія беларусы сутыкнуліся з дыскрымінацыяй. Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што важна ізаляваць рэжым, але дапамагчы людзям, якія ратуюцца ад вайны і тэрору.
Разам з еўрадэпутатамі Андрусам Кубілюсам, Ганнай Фатыгай, Расай Юкнявічэне, Ційсам Ройтэнам і іншымі абмеркавалі дэбаты па статусе кандыдатураў для Малдовы, Грузіі і Украіны. Святлана Ціханоўская выказала жаданне, каб у фінальным дакуменце Рады ЕС таксама было згадана аб еўрапейскай перспектыве для Беларусі. Дэбаты ў Еўрапейскай Радзе пройдуць 23-24 чэрвеня.
Заўтра ў Бруселі пачынае працу міжнародная Канферэнцыя Каліноўскага, прысвечаная Беларусі, з удзелам еўрадэпутатаў, кіраўнікоў Еўракамісіі, прэм'ераў Польшчы і Літвы, прадстаўнікоў Каардынацыйнай Рады, НАУ, БАЖ, «Вясны» і многіх іншых.