«Паважаны амбасадар Джон Хербст,
Паважаныя Дэвід, Ганна, Шэлбі,
Дарагія сябры Беларусі,
Я хацела б падзякаваць Атлантычнай радзе за шматгадовую падтрымку беларускага дэмакратычнага руху. Дзякуй, што дзякуючы вам Беларусь займае важнае месца ў палітычным парадку дня ў Вашынгтоне і па ўсім свеце.
Пакуль уся ўвага прыкутая да Расіі і Украіны, многія забываюцца, што Беларусь таксама частка праблемы.
Так званы «мяцеж Прыгожына» 24 чэрвеня паказаў, наколькі хісткі расійскі рэжым і якую небяспечную гульню ён вядзе.
Мы сталі сведкамі таго, што можа прывесці Расію да краху. Мы ўбачылі слабасць Пуціна.
На жаль, тыя падзеі скончыліся не так, як мы чакалі. І скончыліся, напэўна, найгоршым чынам для Беларусі — ізноў жа, з-за Лукашэнкі. Унутраны расійскі канфлікт перакінуўся на нашую тэрыторыю.
Дыслакацыя наймітаў «Вагнера» ў Беларусі, пра якую ўжо заявілі, можа мець вельмі цяжкія наступствы для суверэнітэту нашай краіны. Цяпер у Беларусі ў дадатак да расійскіх войскаў і ядзернай зброі могуць з'явіцца расійскія бандыты і злачынцы.
Мы пакуль не ведаем, колькі з іх прыедзе ў Беларусь, чым яны будуць займацца, наколькі яны будуць лаяльныя Лукашэнку і ці будуць лаяльныя ўвогуле. Невядома, ці будуць яны інтэграваныя ў беларускае войска ці не.
Прысутнасць «Вагнера» ў Беларусі — гэта пагроза не толькі незалежнасці Беларусі, але і нашым суседзям. Не выключаныя правакацыі супраць Польшчы, Літвы, Латвіі. І асабліва Украіны. Няма ніякіх сумневаў, што Лукашэнка не будзе кантраляваць наймітаў Вагнера, як не будзе кантраляваць і расійскую ядзерную зброю.
Беларусы, вядома, не падтрымліваюць прысутнасць у Беларусі наймітаў «Вагнера». Яны таксама выступаюць супраць расійскай ядзернай зброі ў Беларусі і супраць удзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны.
Праз маштабныя рэпрэсіі і паліцэйскі тэрор арганізаваць пратэсты вельмі складана. З пачаткам вайны тэрор стаў толькі больш жорсткім. Людзей арыштоўваюць кожны дзень за каментары ў сацыяльных сетках, за тое, што яны размаўляюць па-беларуску ці носяць бела-чырвона-белае адзенне, якое фактычна пад забаронай.
Праваабаронцы гавораць пра паўтары тысячы палітычных зняволеных у Беларусі. Але некаторыя лічаць, што іх рэальная колькасць можа быць у тры разы большай. Сярод іх мая сяброўка Марыя Калеснікава, журналіст Ігар Лосік, былы кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка, беларускі нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі. Многія палітвязні ўтрымліваюцца ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі. Ужо некалькі месяцаў мы не атрымліваем пра іх ніякай інфармацыі. Нават адвакатам не дазваляюць наведваць іх.
Учора мне напісаў ананім, што мой муж Сяргей памёр у Жодзінскай турме. Праверыць праўдзівасць гэтага паведамлення мы не можам. Я нічога не чула пра Сяргея з 9 сакавіка. Выглядае, што ўвесь гэты час ён знаходзіцца ў штрафным ізалятары. Такія паведамленні выкарыстоўваюць як інструмент ціску на мяне і на іншых беларусаў. Але ўсе іх намаганні зламаць мяне бессэнсоўныя.
Беларусы не здадуцца, пакуль усе расійскія акупанты не пакінуць Беларусь. І пакуль Беларусь не стане свабоднай і дэмакратычнай краінай.
Мы падтрымліваем сувязь з беларусамі ўнутры краіны і ў выгнанні. Мы працуем над агульным планам дзеянняў. На месцах у нас ёсць смелыя і ўстойлівыя людзі, якія не здаюцца. У нас ёсць чыгуначныя партызаны, якія спынялі рух расійскіх войскаў. У нас ёсць дзясяткі тысячаў інфарматараў, якія дасылаюць нам інфармацыю пра кожны факт расійскай прысутнасці на беларускай тэрыторыі. У нас ёсць актывісты, якія распаўсюджваюць самвыдат у сваіх гарадах і вёсках. Якія захоўваюць нашую нацыянальную ідэнтычнасць.
Сёння ў Беларусі немагчыма правесці адкрыты вулічны пратэст. Але я працую над тым, каб захаваць волю і імкненне людзей да пераменаў. Каб — нягледзячы на дзяржаўны тэрор і самыя жорсткія рэпрэсіі ў Еўропе за апошнія дзесяцігоддзі — людзі заставаліся мабілізаванымі, інфармаванымі і згуртаванымі.
Мы умацоўваем нашыя структуры. Мы працягваем развіваць Аб'яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйную раду, які прадстаўляе шырокі спектр беларускага грамадства і няўрадавых арганізацый. Нашая задача – пабудаваць шырокі дэмакратычны рух, які аб'яднае ўсіх беларусаў унутры краіны і за яе межамі.
За мяжой мы выбудавалі дыяспары, незалежныя СМІ і грамадзянскую супольнасць, якія займаюцца краўдфандынгам, прасоўваннем нашых інтарэсаў і зборам доказаў парушэнняў правоў чалавека. Мы пабудавалі альтэрнатыўную дзяржаву, гатовую пасля падзення рэжыму ўзяць адказнасць на сябе.
Мы цесна супрацоўнічаем з Украінай. У нас агульныя стратэгічныя інтарэсы і агульны вораг. За апошні час мае прадстаўнікі правялі некалькі высокаўзроўневых сустрэчаў у Кіеве. Падаецца, што Украіна адкрытая для больш цеснага супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. А ў дачыненні да Лукашэнкі там больш няма ніякіх ілюзіяў.
Лёсы Беларусі і Украіны пераплеценыя. Без свабоднай Украіны не будзе свабоднай Беларусі — і наадварот. Таму мы просім нашых заходніх саюзнікаў нарошчваць падтрымку не толькі для Украіны, але і для змагароў за свабоду Беларусі.
Давайце не будзем мець ілюзіяў. Дыктатараў не ўлагодзіць. Іх не перавыхаваць. Яны адступяць толькі пад ціскам з усіх магчымых напрамкаў.
На жаль, існуючыя санкцыі не працуюць у поўнай меры з-за мноства шчылінаў. Вось чаму Вашынгтону і Бруселю асабліва важна каардынаваць свае намаганні і механізмы прымянення санкцыяў. Мы змагаемся супраць арганізаванай злачыннай групоўкі, якая робіць усё, каб абысці санкцыі.
Захаду трэба ўвесці дадатковыя санкцыі супраць Расіі не толькі за ўварванне ва Украіну, але і за яе спробы знішчыць суверэнітэт Беларусі. Гэтыя санкцыі павінны паслужыць моцным сігналам, што такія спробы не застануцца без наступстваў.
Захаду трэба перастаць рабіць выгляд, што Лукашэнка прэзідэнт. Гэта не так. Нашая мова фармуе рэальнасць, таму давайце перастанем называць яго прэзідэнтам. Ён злачынец, які захапіў уладу. Лукашэнка павінен паўстаць перад трыбуналам разам з Пуціным і Прыгожыным.
Беларускі народ нельга атаясамліваць з рэжымам Лукашэнкі. Рэжым дапамагае Пуціну праводзіць палітыку каланізацыі і акупацыі Беларусі. А народ супраціўляецца гэтаму нават ва ўмовах масавых рэпрэсіяў. Вось чаму вельмі важна трымаць межы для беларусаў адкрытымі і падтрымліваць людзей на міжнародным узроўні.
Мы вітаем рашэнне Злучаных Штатаў распачаць стратэгічны дыялог паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Вашынгтонам. Так мы фармалізуем нашыя адносіны і ўмацуем беларуска-амерыканскае сяброўства. У нас ужо ёсць кантактная група ў Радзе Еўропы, а на мінулым тыдні адбылася першая сустрэча Кансультатыўнай групы паміж ЕС і свабоднай Беларуссю.
Мы таксама вітаем прызначэнне спецпасланніка ЗША па Беларусі і з нецярпеннем чакаем сумеснай працы. Мы спадзяемся, што новы пасланнік, як і былая амбасадарка Джулі Фішэр, будзе надаваць Беларусі шмат увагі.
Мы хочам пачуць ад Захаду: свет падтрымлівае незалежную і дэмакратычную Беларусь. Беларусь — гэта Еўропа. Мы не дазволім Расіі акупаваць Беларусь. Расійская ядзерная зброя павінна быць неадкладна вывезеная з Беларусі. Вось што мы хацелі б пачуць.
Цяперашняя сітуацыя нясе за сабой сур'ёзныя рызыкі, але таксама можа нечакана адкрыць для нас вакно магчымасцяў — магчымасцяў прынесці перамены ў нашую краіну. У нас ёсць гістарычны шанц вызваліць Беларусь ад расійскай сферы ўплыву. Нашая мэта — заставацца адзінымі, захоўваць смеласць і не прапусціць патрэбны момант.
У гэтай складанай задачы мы разлічваем на поўную падтрымку нашых заходніх партнёраў. Але ў выніку толькі самі беларусы могуць зрабіць Беларусь свабоднай.
Дзякуй».