Святлана Ціханоўская здзейсніць працоўны візіт у Берлін 9-12 лістапада, дзе сустрэнецца з прэзідэнтам Германіі Франкам-Вальтарам Штайнмаерам, міністрамі, лідарамі палітычных груп у Бундэстагу, прэтэндэнтамі на пасаду канцлера і міністра замежных спраў Германіі. Таксама Ціханоўская правядзе шэраг сустрэч з прадстаўнікамі бізнесу і юрыдычных колаў. Беларускі лідар выступіць з лекцыяй пра каштоўнасці беларускага пратэставага руху і еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Беларускі лідар выступіць з урачыстай лекцыяй імя Гельмута Шміта пра каштоўнасці беларускага пратэставага руху і еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі (слухачамі лекцыі стануць каля двухсот нямецкіх палітыкаў, філосафаў, лідараў думак).
Зараз у Германіі фармуецца новы ўрад, і Ціханоўская плануе абмеркаваць з асноўнымі палітыкамі краіны стратэгію ў дачыненні да Беларусі. Святлана Ціханоўская перадасць ураду Германіі прапановы па аднаўленні законнасці ў Беларусі, арганізацыі перамоў і іх фармату, інвестыцыйнай і адукацыйнай праграме, праграме падтрымкі медыя і грамадзянскай супольнасці, планы рэформаў «Новая Беларусь».
Гэта чацвёрты візіт Святланы Ціханоўскай у Германію за апошні год. Раней яна сустракалася з Ангелай Меркель, віцэ-канцлерам Олафам Шольцам, прэзідэнтам Франкам-Вальтарам Штайнмаерам, міністрам замежных спраў Хайка Маасам.
Што зрабіла Германія для беларусаў за гэты год?
– Пасля сустрэчы Ціханоўскай з Меркель была запушчана асобная беларуская праграма Deutsche Welle. Акрамя таго, Германія вылучыла дадаткова 2,9 млн еўра на падтрымку незалежных СМІ ў Беларусі.
– Германія падтрымала рэзалюцыю Еўрапейскай рады па Беларусі, Маскоўскі механізм, міжнародную платформу для дакументавання парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі IAPB.
– Таксама Германія паслядоўна падтрымала ўсе пакеты санкцый, уведзеных супраць рэжыму Лукашэнкі, яго саўдзельнікаў і кашалькоў.
– МЗС Германіі пашырыла праграмы дапамогі незалежным медыя, студэнтам і даследнікам, праектам грамадзянскай супольнасці.
– Дэпутаты Бундэстага сталі апекунамі беларускіх палітвязняў – падтрымку нямецкіх парламентароў атрымалі некалькі дзясяткаў палітвязняў.
– Разам з беларускай дыяспарай (Razam, Народныя амбасады) федэральны ўрад займаецца дапамогай беларусам – рэлакантам, сем'ям палітвязняў, тым, хто мае патрэбу ў медычнай рэабілітацыі. Нямецкі ўрад таксама займаецца праграмамі падтрымкі медыкаў, што рэлакаваліся з Беларусі, прафзвязаў.
– Спрошчаны працэс выдачы віз для тых, хто падпадае пераследам у Беларусі.
– Пашыраны стыпендыі DAAD для студэнтаў і прадстаўнікоў творчых прафесій.