Канферэнцыя беларусаў свету. 22-23 красавіка ў Вільні адбудзецца Канферэнцыя беларусаў свету II для арганізацый, суполак і ініцыятываў беларусаў замежжа, ініцыяваная Святланай Ціханоўскай. Прадстаўнік Офіса Святланы Ціханоўскай распавёў пра яе падрабязней. Вы можаце задаць пытанні наконт Канферэнцыі тут: @conf_bel_diaspora
Беларусь-Літва. Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністаркай унутраных справаў Літвы Агне Білатайтэ, а прадстаўнікі Офіса сустрэліся з дэпутатамі Літоўскага Сейма і МЗС. Асноўная тэма: каб новы праект закона ў сувязі з вайной ва Украіне, не біў па сумленных беларусах. Дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр тлумачыць, што можа змяніцца для беларусаў. На сустрэчы з міністаркай унутраных справаў Літвы дамовіліся стварыць працоўную групу па пытаннях міграцыі і бяспекі.
Супраца з палітычнымі партыямі. 3 красавіка прадстаўнікі Офіса правялі сустрэчу з лідарамі дзевяці палітычных партыяў і структураў. Абмяркоўвалі падрыхтоўку да 26 красавіка (гадавіны аварыі на ЧАЭС), супрацу ў межах ПАРЕ, заяву пра недапушчэнне размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі.
Беларусь-Малдова. Cвятлана Ціханоўская сустрэлася са спікерам Парламента Малдовы Ігарам Гросу і прапанавала спікеру ўзаемную падтрымку на ўсіх міжнародных платформах (ААН, АБСЕ, Рада Еўропы). Ціханоўская таксама папрасіла ўключыць дэмакратычную Беларусь у парадак дня Саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці, які пройдзе ў Кішынёве 1-га чэрвеня.
Каардынацыйная сустрэча. Адбыліся кансультацыі ў Вільні з удзелам прадстаўнікоў Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Каардынацыйнай рады. Абмяркоўвалі стратэгічныя прыярытэты, сітуацыю з палітвязнямі, міжнародную дзейнасць.
Беларусь-Эстонія. Святлана Ціханоўская сустрэлася са спецпасланнікам Эстоніі Марка Каплімаа. Бакі абмеркавалі крокі па прыцягненні памагатых рэжыму да адказнасці праз міжнародныя арганізацыі, вырашэнне праблемаў беларускай дыяспары ў Эстоніі, адкрыццё прадстаўніцтва дэмакратычнай Беларусі ў Таліне.
Адносіны з ЗША. Святлана Ціханоўская сустрэлася з амерыканскімі дыпламатамі, якія належаць да групы Belarus Watchers – тых дыпламатаў ЗША, якія на пастаяннай аснове займаюцца беларускім парадкам дня ў розных сталіцах і міжнародных арганізацыях. Святлана Ціханоўская выступіла з праграмным зваротам на тэму беларуска-амерыканскіх адносінаў, якія атрымаюць новы імпульс у межах Стратэгічнага Дыялогу, абвешчанага падчас візіту Ціханоўскай у Вашынгтон.
Размовы з беларусамі. У пятніцу, 7 красавіка, Святлана Ціханоўская правяла штотыднёвыя асабістыя размовы з беларусамі. Прачытаць пра тое, што такое асабістыя размовы і як яны праходзяць можна тут.
Валанцёры Офіса. Валанцёры Офіса правялі размову з намеснікам кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Валерам Кавалеўскім. На сустрэчы ён распавёў пра тое, як заходнія краіны ставяцца да размяшчэння расійскай ядзернай зброі ў Беларусі і як працягваецца праца з украінскімі палітыкамі. Падрабязней па спасылцы.
Медыі. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю AP News (Міжнароднае), CNN (Міжнароднае), Voice of America (Міжнароднае), Голас Амерыкі (Міжнароднае), The Harvard Crimson (ЗША), PBS NEWSHOUR (ЗША), The Daily Beast (ЗША), HuffPost (Вялікабрытанія), NPR (ЗША), New Statesman (Вялікабрытанія).