«Сёння я хачу задаць пытанне кожнаму.
Упэўненая, вы ўжо чулі запіс, дзе намеснік міністра МУС Карпянкоў выступае перад падначаленымі. Мы ўжо разаслалі яго ў Кангрэс ЗША, АБСЕ, Раду Еўропы і ўсім нашым міжнародным партнёрам. Мы ўжо заклікалі ЕС прызнаць губазік і амап тэрарыстычнымі арганізацыямі. Карпянкоў ужо стаў падазраваным у крымінальнай справе па ўніверсальнай юрысдыкцыі, што пагражае яму міжнародным вышукам. Ён ужо ў санкцыйных спісах балтыйскіх краін. Мы не дамо свету забыцца пра тое, што адбываецца ў Беларусі прама зараз.
Намеснік кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў будзённа распавядае пра забойства і абражае Аляксандра Тарайкоўскага. Кажа, што былы прэзідэнт дазваляе страляць у твар, пахвіну, жывот, што ён дазволіў забіваць і калечыць. А калі чалавека не выратуюць – «туды яму і дарога». І Лукашэнка ўсіх прыкрые.
Вы лічыце, што забойствы і гвалт – гэта ваша руцінная праца?
Карпянкоў сцвярджае, што маладыя міліцыянты павінны пераступаць праз сябе – і забіваць. Мы ведаем, што сапраўднай задачай праваахоўных органаў заўсёды была абарона народа. Але ў іх свеце мэты іншыя: абараніць былога прэзідэнта і яго асяроддзе. Усе астатнія для іх – «лішнія людзі».
Вы лічыце дзевяць мільёнаў чалавек лішнімі людзьмі?
Вы гатовыя за значок адметы перад дыктатарам «пакалечыць, знявечыць, забіць»?
Вы ствараеце гета з раёнаў горада, адключаеце ў іх ваду і ацяпленне. Вы забіваеце людзей і плануеце арганізаваць лагеры, каб трымаць там нязгодных. Вы труціце нас у вашых турэмных камерах. Вы аддаеце загад: «І абавязкова з газам». Але вы ж самі разумееце: тэрарысты – гэта не тыя, хто выходзяць на вуліцу на мірны пратэст. Тэрарысты – гэта тыя, хто ведаюць, што на невялікай адлегласці траўматычная зброя забівае – і загадваюць страляць. Тэрарысты – гэта тыя, хто ўжываюць гвалт дзеля запалохвання і незаконнага ўтрымання ўлады.
Яны пераконваюць вас, што новая ўлада будзе здзекавацца з вас і вашых дзяцей, ставіць на калені, забіваць. Вось толькі мы – не яны. Мы ведаем, што дзеці не адказваюць за сваіх бацькоў. Мы ведаем, што кожны павінен адказваць толькі за сябе і толькі за свае ўчынкі.
Мы людзі, а не звяры.
Мы гаворым пра дыялог. Яны – пра тэрор.
Мы гаворым пра свабоду. Яны – пра канцлагеры.
Мы прапануем мірныя рашэнні. Яны прапануюць вайну.
Лукашэнка рыхтуецца да сыходу. Ён ведае, што з ім Беларусь ператворыцца ў краіну-ізгоя. Ён ведае, што прайграў. Пытанне толькі ў тым, што ён пакіне пасля сябе.
І зараз я хачу задаць пытанне кожнаму чалавеку каля экрана, усім, хто глядзіць гэтае відэа. Усё адно за каго вы галасавалі і якіх поглядаў прытрымліваецеся. Усё адно, які сцяг і герб вам падабаецца.
Я хачу задаць пытанне кожнаму беларусу.
Што мы заслужылі: краіну для жыцця або канцлагер?».