• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Вынікі візіту Святланы Ціханоўскай у Аўстрыю

    25 лістапада, 2021

    21-23 лістапада Святлана Ціханоўская здзейсніла працоўны візіт у Аўстрыю, прымеркаваны да Міжнароднай канферэнцыі па Беларусі ў Вене. Беларуская лідарка таксама правяла шэраг сустрэчаў і інтэрв'ю, тэмай якіх стала мірнае вырашэнне беларускага крызісу і падтрымка беларускага народа.

    22 лістапада ўвага аўстрыйскай і еўрапейскай палітыкі была накіраваная га канферэнцыю па Беларусі, якая ў гэты дзень праходзіла ў Вене. Мэта канферэнцыі – пошукі Еўрасаюзам і міжнароднай супольнасцю шляхоў, якія дазваляюць мірна вырашыць крызіс у Беларусі, стварыць дыялог унутры краіны, які прывядзе да новых выбараў. Святлана Ціханоўская, разам з аўстрыйскім канцлерам Аляксандрам Шалянбергам, еўракамісарам Оліверам Варгеліем, міністрам замежных справаў Аўстрыі Мікаэлем Лінхартам, абмеркавалі ў Вене шэраг найбольш важных пытанняў.

    Таксама ў канферэнцыі прынялі ўдзел міністры замежных справаў шэрагу еўрапейскіх краінаў, якія актыўна падтрымліваюць беларусаў, – Хайка Маас (Германія), Збігнеў Раў (Польшча), Анжэ Логар (Славенія), Іван Карчок (Славакія), Пека Хаавіста (Фінляндыя), Эва-Марыя. Лійметс (Эстонія), а таксама віцэ-міністры Літвы і Чэхіі.

    Да чаго Святлана Ціханоўская заклікала міжнародную супольнасць у сваім выступе на канферэнцыі?

    • Працягваць ціск на рэжым у розных формах, у тым ліку дыпламатычную ізаляцыю, эканамічныя і кропкавыя санкцыі. Бо мэта ціску – прымусіць рэжым спыніць гвалт і пачаць дыялог з народам Беларусі.
    • Умова пачатку перамоваў у краіне – вызваленне ўсіх зняволеных па палітычных матывах, мэта перамоваў – правядзенне новых сумленных выбараў у Беларусі пад міжнародным назіраннем.
    • Нельга рабіць саступкі незаконнаму рэжыму, які прымяняе катаванні, гвалт і масавыя рэпрэсіі супраць уласнага народа.
    • Незалежнасць і суверэнітэт Беларусі – не прадмет для гандлю. Ні адна ўгода, заключаная нелегітымным рэжымам, не будзе прызнаная ў новай Беларусі.

    Пра што гаварылі еўрапейскія палітыкі на канферэнцыі?

    – Важна, каб Еўропа і ЗША, уся міжнародная супольнасць была адзіная па беларускім пытанні.
    – Не павінна быць ніякіх дзеянняў, якія легітымізуюць рэжым.
    – Неабходна працягваць ціск на рэжым, пашыраць санкцыйны спіс.
    – Таксама Еўропа падтрымлівае ўніверсальную юрысдыкцыю і платформу збору доказаў злачынстваў рэжыму – бо ўсе вінаватыя павінны адказаць за тое, што здзейснілі.
    – Міжнародная супольнасць плануе ўзмацніць дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці, ахвярам рэпрэсій, свабодным СМІ, студэнтам.
    – Таксама важна дапамагчы беларусам у барацьбе з пандэміяй, і ЕС працуе над прадастаўленнем вакцынаў.
    – Казалі пра падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі і ўзнялі пытанне прадастаўлення беларусам «голаса» на саміце Усходняга партнёрства.
    – Нямецкі міністр Маас таксама падкрэсліў важнасць уцягвання Расіі ў размову з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, з улікам асаблівай сувязі паміж беларускім і рускім народамі.
    – Абмяркоўвалі актуальныя для новай Беларусі пытанні – неабходнасць рэформаў, драфт Канстытуцыі, над якім працуе каманда Офіса Ціханоўскай, а таксама Усёабдымны план дапамогі для дэмакратычнай Беларусі, апублікаваны ЕС у канцы вясны.

    Акрамя гэтага ў Вене Ціханоўская сустрэлася з аўстрыйскімі парламентарыямі і пасламі пры АБСЕ краін ЕС, ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, Нарвегіі, Ісландыі, Албаніі.

    На сустрэчы з амбасадарамі беларуская лідарка падкрэсліла важнасць выкарыстання наяўных інструментаў і механізмаў, якія дапамогуць прымусіць рэжым паважаць правы народа Беларусі і правілы АБСЕ. А з парламентарыямі Ціханоўская казала пра неабходнасць падтрымліваць беларускіх палітвязняў і ствараць групы сяброў Беларусі пры парламентах па ўсім свеце.

    Таксама Святлана Ціханоўская адкрыла панэльную дыскусію па Беларусі ў Венскім інстытуце гуманітарных навук. У сваім выступе яна падкрэсліла, што толькі рэальныя выбары, а не іх імітацыя прывядуць да вырашэння крызісу.

    20-23 лістапада ў Вене прайшлі таксама экспертныя дыскусіі з прадстаўнікамі міжнародных арганізацый, урадаў, беларускай і еўрапейскай грамадзянскай супольнасці.

    • 20 лістапада ў будынку Аўстрыйскага федэральнага міністэрства па еўрапейскіх і міжнародных справах Анатоль Лябедзька, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і Канстытуцыйнай рэформе, прадставіў праект дэмакратычнай Канстытуцыі з вядучымі еўрапейскімі экспертамі ў галіне канстытуцыйнага права.
    • 21 лістапада ў Вене прайшоў спецыяльны паказ фільма Аляксея Палуяна Courage, на якім выступіла Святлана Ціханоўская з уступным словам. Беларуская лідарка таксама адкрыла мурал «Пагоня» ў венскім парку Рут Маер.
    • 22 лістапада эксперты абмеркавалі дапамогу грамадзянскай супольнасці ўнутры Беларусі і тым арганізацыям, якія вымушаныя былі з'ехаць з краіны. Сярод іншых, экспертамі выступілі Павел Дэмеш, даследчык нямецкага Фонду Маршала, міністр замежных справаў Славакіі ў пачатку 1990-х гадоў, Аляксандра Логвінава, кіраўніца аддзела па знешніх сувязях Офіса Святланы Ціханоўскай, Віціс Юрконіс, кіраўнік віленскага офіса Freedom House, а таксама Міжнароднага рэспубліканскага інстытута.
    • 23 лістапада ў венскім Інстытуце гуманітарных навук Святлану Ціханоўскую вітаў Іван Вейвода, былы дарадца па замежных справах ва ўрадзе сербскіх прэм'ераў Зорана Джынджыча і Зорана Жыўковіча. Беларуская лідарка выступіла з уступным словам перад дыскусіяй пра будучае месца Беларусі ў Еўропе.

    Дапамога беларускім журналістам і блогерам стала тэмай дыскусіі, арганізаванай Міжнародным Інстытутам Прэсы і праваабарончай арганізацыяй. Падчас дыскусіі выступіў былы Спецыяльны дакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці, а таксама беларускія журналісты Ганна Любакова і Стась Івашкевіч.

    У межах канферэнцыі ў Вене прайшла сустрэча фем-групы Каардынацыйнай рады Беларусі і прадстаўнікоў Офіса Святланы Ціханоўскай. Падчас дыскусіі пра ролю жанчыны ў дэмакратычных пытаннях эксперткі абмеркавалі спосабы дапамогі жанчынам у Беларусі і тым, хто быў вымушаны яе пакінуць, а таксама меры па павелічэнні рэпрэзентацыі жанчын у палітычным кіраўніцтве і павестцы дэмакратычных сілаў. У сустрэчы ўдзельнічалі актывісткі і кіраўніцы НДА, многія з якіх цяпер у Беларусі.

    Апошнія навіны