19 верасня 2023 года Офіс Святланы Ціханоўскай атрымаў справаздачу аўдытарскай кампаніі аб выніках фінансавай праверкі дзейнасці. З вынікамі можна азнаёміцца па спасылцы: https://tsikhanouskaya.org/OST_auditas.pdf.
Ніжэй прыводзім адказы на галоўныя пытанні аб выніках фінансавага аўдыту Офіса Святланы Ціханоўскай:
1) Хто праводзіў фінансавы аўдыт Офіса Святланы Ціханоўскай? Якія падставы давяраць гэтым вывадам?
Аўдыт праводзіла аўдытарская кампанія MOORE Mackonis.
Кампанія незалежная ад арганізацыі, у якой праводзіць аўдыт. MOORE Mackonis дзейнічае ў адпаведнасці з Кодэксам этыкі прафесійных бухгалтараў, выдадзеным Міжнароднай радай па стандартах этыкі для бухгалтараў («Кодэкс TBESV»), і патрабаваннямі Закона Літоўскай Рэспублікі аб аўдыце фінансавай справаздачнасці, якія тычацца аўдыту ў Літоўскай Рэспубліцы. Кампанія таксама выконвае іншыя этычныя патрабаванні, звязаныя з законам аўдыту фінансавай справаздачнасці Літоўскай Рэспублікі і Кодэкса TBESV.
2) Якія даныя Офіса Святланы Ціханоўскай правярала аўдытарская кампанія?
Быў праведзены поўны аналіз фінансавых дакументаў і справаздач Офіса Святланы Ціханоўскай за перыяд з пачатку рэгістрацыі і да 31 снежня 2022 года. Таксама праведзена ацэнка механізмаў унутранага кантролю і метады бухгалтарскага ўліку.
3) Якія вынікі аўдыту?
Аўдытарская кампанія не выявіла якіх-небудзь парушэнняў або скажэнняў.
4) Што за сумы пазначаныя ў аўдытарскай справаздачы?
У справаздачы ўказаны паступленні і выдаткі, якія накіроўваліся на арганізацыю працы Офіса Святланы Ціханоўскай. Паступленні на рахунак Офіса ёсць як ад фізічных, так і юрыдычных асоб. Іх дадзеныя не раскрываюцца з меркаванняў бяспекі.
Офіс супрацоўнічае з многімі партнёрскімі арганізацыямі. Іх выдаткі на сумесную дзейнасць адлюстроўваюцца ў справаздачах. Гэта можа быць арэнда памяшканняў, аплата працы кансультантаў і экспертаў, з якімі рэалізуюцца сумесныя праекты. Міжнародныя паездкі Святланы Ціханоўскай часта пакрываюцца запрашаючым бокам.
5) Чаму фінансавы аўдыт Офіса праведзены толькі зараз?
Офіс Святланы Ціханоўскай быў зарэгістраваны ў рэгістравым цэнтры 15 студзеня 2021 года. Абавязак праводзіць аўдыт установы Законам не ўстаноўлены (крытэрыі пазначаны ў Законе Літоўскай Рэспублікі аб падсправаздачнасці ўстаноў (арт. 24).
Рашэнне аб правядзенні аўдыту Офіс Святланы Ціханоўскай прыняў у адказ на грамадскі запыт. У студзені 2023 гады ў MOORE Mackonis быў накіраваны запыт на правядзенне аўдыту Офіса. Вынік аўдыту быў атрыманы 19 верасня 2023 года.
6) Міжнародныя арганізацыі выдзяляюць грошы, прызначаныя для дэмакратычных пераўтварэнняў беларускага грамадства. Ці можа Офіс уплываць на размеркаванне сродкаў?
Офіс Святланы Ціханоўскай не распараджаецца і не вырашае, каму і як накіроўваць грошы, выдзеленыя міжнароднымі арганізацыямі на падтрымку дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі. Такая міжнародная дапамога выдзяляецца наўпрост некамерцыйным арганізацыям – у тым ліку праваабарончым, адукацыйным, культурным ініцыятывам і праектам, а таксама незалежным сродкам масавай інфармацыі.
Офіс Святланы Ціханоўскай разумее: пераўтварэнняў у Беларусі можна дасягнуць толькі сумеснымі намаганнямі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці. Таму Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі Офіса на сустрэчах з міжнароднымі партнёрамі заклікаюць аказваць дапамогу ўсім беларускім ініцыятывам і незалежным медыям, якія працуюць для дэмакратычных перамен у Беларусі.
7) Што зроблена Офісам Святланы Ціханоўскай?
Офіс Святланы Ціханоўскай з’яўляецца адной з ключавых арганізацыяў беларускага дэмакратычнага руху. У першую чаргу, задача Офіса — падтрымка працы абранага прэзідэнта Святланы Ціханоўскай, накіраванай на беларусаў унутры краіны, і на міжнародную супольнасць.
– Офіс Святланы Ціханоўскай сумесна з партнёрамі правёў шэраг інфармацыйных і палітычных кампаній, арганізаваў шэраг Канферэнцый (напрыклад, Канферэнцыя «Новая Беларусь», Канферэнцыя беларусаў свету).– Каманда Офіса арганізавала працоўныя візіты Святланы Ціханоўскай у дзясяткі краін, правяла сотні сустрэч і сазвонаў з партнёрамі і беларусамі ўнутры краіны. Праблемы грамадзян Беларусі застаюцца ў сферы ўвагі міжнароднай супольнасці дзякуючы рабоце Святланы Ціханоўскай і яе Офіса на міжнароднай арэне. Больш пра працу Офіса можна даведацца на афіцыйным сайце https://tsikhanouskaya.org.
– У супрацоўніцтве з Еўрапейскай Камісіяй падрыхтаваны Усеабдымны план падтрымкі Беларусі, які прадугледжвае пакет фінансаванне ў памеры 3 млрд. еўра ў эканоміку нашай краіны пасля пачатку рэформаў.
– Падрыхтаваны праект Канстытуцыі Новай Беларусі, які праходзіць грамадскае абмеркаванне і ўжо атрымаў высокія адзнакі міжнародных экспертаў. Распрацаваны шэраг праектаў, якія дапаўняюць асноўны дакумент.
– У супрацоўніцтве з беларускімі праваабарончымі арганізацыямі, юрыстамі і былымі адвакатамі юрыдычная каманда Офіса распрацавала праект Канцэпцыі пакрыцця шкоды рэпрэсаваным асобам.
– У супрацоўніцтве з экспертамі і арганізацыямі падрыхтаваны праект Стратэгіі пераходу да новай Беларусі, якая разлічана на перыяд больш за 5 гадоў. У бліжэйшы час будзе вынесены на грамадскае абмеркаванне.
– У супрацоўніцтве з партнёрскімі арганізацыямі Офіс дапамагае беларусам, якія вымушана апынуліся за мяжой з прычыны рэпрэсій з боку рэжыму. У розных краінах ужо вырашаны праблемы, якія датычацца легалізацыі, выдачы дакументаў, доступу да рынку працы.
8) Колькі супрацоўнікаў працуе ў Офісе Святланы Ціханоўскай?
Толькі некалькі чалавек працуюць у Офісе Святланы Ціханоўскай па пастаянным працоўным кантракце. Большасць людзей, з якімі працуе Офіс, працуюць па часовых кантрактах і атрымліваюць узнагароду прапарцыйна праведзенай працы. Таксама ў Офіса ёсць валанцёры і пазаштатныя кансультанты.
Поўная інфармацыя аб супрацоўніках не раскрываецца з меркаванняў бяспекі.
9) Ці плацяць супрацоўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай падаткі, ці даступныя іх дэкларацыі?
Супрацоўнікі і кансультанты Офіса плацяць падаткі, як і любыя іншыя людзі, якія легальна працуюць у Літоўскай Рэспубліцы. Даступнасць дэкларацый вызначаецца заканадаўствам Літоўскай Рэспублікі.
10) Як Офіс Святланы Ціханоўскай ставіцца да крытыкі?
Мы ўдзячныя за крытыку і прапановы, якія дапамагаюць выправіць недахопы і працаваць лепш. Кожны чалавек можа напрамую звязацца з Офісам праз тэлеграм-бот @AskOffice_Bot або электронную пошту office@tsikhanouskaya.org. Гэта канфідэнцыяльна і бяспечна.
Трэба адзначыць, што сярод крытыкаў ёсць і тыя, хто супраць пераходу Беларусі да дэмакратыі. Мы з павагай ставімся да меркавання тых, з кім не згодны, але процідзеянне нас не спыніць.
Мы імкнёмся да большай празрыстасці, наколькі гэта дазваляюць правілы бяспекі ў адносінах да супрацоўнікаў, кансультантаў Офіса, нашых валанцёраў унутры краіны і партнёраў. Мы ўдзячныя беларускім бізнесам і беларусам, якія аказваюць фінансавую падтрымку працы дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці. Спадзяемся, што такая дапамога будзе рэгулярнай і сістэмнай.