Шаноўныя спадарыні і спадары,
У гэты дзень 30 гадоў таму да Віленскай тэлевежы прыйшла маладая жанчына. Разам з тысячамі літоўцаў яна прыехала туды, каб мірна адстаяць свабоду сваёй краіны.
Праз некалькі гадзін яе да смерці расціснуў савецкі танк. Яе імя сярод імёнаў 13 іншых герояў, і яго ніколі не забудуцца ў Літве.
Як і Ларэта Асанавічутэ, у гэтым годзе беларусы выйшлі на вуліцы, каб вызначыць будучыню сваёй краіны.
На жаль, як і Ларэта, некаторыя з іх таксама былі забітыя за гэта мірнае памкненне.
Чаму адважныя літоўцы 30 гадоў таму ахвяравалі сваім жыццём? І чаму цяпер мільёны беларусаў рызыкуюць жыццём?
Прычына простая. Яны адважыліся ісці да свабоды.
Рэжым думае, што, ламаючы нас сваімі рэпрэсіўнымі машынамі, яны могуць сцерці наш дух свабоды і нашую годнасць. Гэтага не адбылося ў Літве і не адбудзецца ў Беларусі. Дарогі назад няма.
Але нам яшчэ трэба будзе пераадолець цяжкасці. І важна ведаць, што мы не самотныя ў барацьбе за дэмакратыю.
Мы стагоддзямі адчувалі суседскае плячо Літвы. Сёння мы як ніколі ўдзячныя за падтрымку, бо сябар спазнаецца ў бядзе.
І сёння ад імя ўсіх беларусаў я хачу вам за гэта падзякаваць.
Дзякуем уладам Літвы за прынцыповую пазіцыю і вялікую падтрымку ўсіх беларусаў. Мы адчуваем, што вы побач з намі, і ведайце: мы зробім для вас тое ж самае ў будучыні.
Дзякуем усім грамадзянам Літвы за неверагодную салідарнасць з намі. Усе беларусы памятаюць выдатную карцінку з тысяч літоўцаў, якія стаяць у ланцугу сяброўства ад Вільні да мяжы з Беларуссю ў 31-ю гадавіну Балтыйскага шляху. Вы натхняеце і ўсяляеце ў нас надзею.
Я вельмі ўдзячная за Прэмію свабоды 2020. Яна належыць усім беларусам, што мірна змагаюцца супраць гвалту і беззаконня. Гэта вялікі гонар, але таксама і напамін для ўсіх: нам трэба заставацца засяроджанымі і згуртаванымі. І мы пераможам.
За нашу і вашу свабоду! Жыве Беларусь!