28 траўня быў прэзентаваны План дапамогі ЕС дэмакратычнай Беларусі. Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што ён зацверджаны і ўжо прадугледжвае 3 мільярды еўра на першыя 2-3 гады новай Беларусі – пасля свабодных выбараў прэзідэнта. Яны пойдуць на забеспячэнне Праграмы падтрымкі ўдзельнікаў стачкі, людзей і бізнесаў, якія зведалі рэпрэсіі, на глабальныя рэформы і развіццё інфраструктуры.
Праект ужо назвалі Планам Ціханоўскай, паколькі каманда Святланы Ціханоўскай удзельнічала ў распрацоўцы дакумента. Расказваем, што гэта за План і чым ён дапаможа беларусам.
Галоўныя пытанні і адказы:
- Што такое план ЕС для Беларусі, які распрацаваны з камандай Ціханоўскай?
Гэта эканамічны план ЕС для дэмакратычнай Беларусі, які кіраўніца Еўракамісіі прадставіла Ціханоўскай і дэмсілам 28 траўня 2020 г. Ён разлічаны на 3 млрд еўра – і гэта толькі тое, што ЕС ужо паабяцаў выдзеліць новай Беларусі на першыя 2-3 гады.
- Калі ЕС паабяцаў 3 млрд, чаму вы кажаце пра агульную суму ў 10 млрд?
Акрамя ЕС, мы працуем над тым, каб эканамічную падтрымку новай Беларусі аказалі і іншыя. МВФ – са стабілізацыйнай праграмай на 3-4 мільярды даляраў, Сусветны банк, Міжнародная фінансавая карпарацыя, Вялікабрытанія, Нарвегія, Канада, ЗША. Па нашых падліках, агульны аб'ём дапамогі можа скласці 10 мільярдаў даляраў.
- Калі Беларусь атрымае гэтыя грошы?
План разлічаны на першыя гады новай Беларусі, то бок гэтым бюджэт нашая краіна атрымае пасля дэмакратычных зменаў:
– спынення гвалту;
– вызвалення палітзняволеных;
– правядзення новых выбараў прэзідэнта РБ.
Каманда Ціханоўскай працуе, каб гэтая дапамога пачала аказвацца Беларусі ўжо на наступны дзень пасля выбараў.
- На што пойдзе гэтае фінансаванне?
1. Падтрымка эканамічнага росту.
Гэтую частку атрымае і будзе размяркоўваць Мінфін. Да прыкладу, з дапамогай Плана ЕС будзе фінансаваная частка Праграмы падтрымкі ўдзельнікаў стачкамаў, людзей і бізнесаў, якія зведалі рэпрэсіі, распрацаваная камандай Ціханоўскай.
2. Дапамога па правядзенні рэформаў
Гэтая частка выдзяляецца на правядзенне структурных рэформаў, якія спатрэбяцца новай Беларусі: ў палітычнай, судовай, праваахоўнай сістэме, эканоміцы, адукацыі і г.д.
3. Інвестыцыі ў інфраструктуру і прыватны сектар.
Гэтая частка выдзяляецца ЕБРР і Еўрапейскім інвестыцыйным банкам. Нашая краіна атрымае доўгатэрміновыя і танныя крэдытныя рэсурсы на транспартную і муніцыпальную інфраструктуру, энергаэфектыўнасць і іншыя сферы.
- Ці былі раней падобныя прыклады?
Так. Напрыклад, Польшча пасля перамогі «Салідарнасці» і пераходу краіны да дэмакратыі. Тады на план Бальцаровіча, МВФ і іншыя міжнародныя структуры выдзялілі больш за 2,7 млрд даляраў. Гэта дапамагло Польшчы перайсці ад планавай да рынкавай эканомікі. Аналагічныя планы былі распрацаваныя для некаторых іншых краінаў былога сацблока.