10 снежня спаўняецца пяць гадоў праекту Народных амбасадаў Беларусі. У юбілейны дзень народзінаў адказваем на галоўныя пытанні.
1) Што такое Народныя амбасады?
Народныя амбасады Беларусі — гэта сетка дэмакратычных прадстаўніцтваў за мяжой, створаная беларусамі для беларусаў у 2020 годзе. Яны выконваюць функцыі, якія павінны былі б рабіць афіцыйныя консульствы, але не робяць з-за палітыкі рэжыму і закрыцця магчымасцяў для грамадзянаў. Народныя амбасады аб’ядноўваюць актывістаў, юрыстаў, валанцёраў і экспертаў, якія дапамагаюць беларусам з дакументамі, легалізацыяй, бяспекай, адукацыяй, а таксама прадстаўляюць інтарэсы беларускай дыяспары перад урадамі і міжнароднымі арганізацыямі. Гэта нефармальныя, але прызнаныя многімі краінамі структуры, якія сталі голасам дэмакратычнай Беларусі на міжнароднай арэне.
За пяць гадоў яны ператварыліся ў эфектыўны інфраструктурны праект беларускай супольнасці ў выгнанні.
2) Якія функцыі выконваюць? Як яны дапамагаюць беларусам?
Народныя амбасады:
- Дапамагаюць беларусам ва ўсіх пытаннях, звязаных з дакументамі, легалізацыяй і бяспекай за мяжой.
- Даюць кансультацыі па пратэрмінаваных пашпартах, пашпартах замежніка, міжнароднай абароне, шлюбах, візах, банкаўскіх рахунках і прававых рызыках.
- Суправаджаюць складаныя юрыдычныя кейсы, удзельнічаюць у прэвентыўнай абароне ад злоўжыванняў Інтэрпола, дапамагаюць у экстрадыцыйных справах, злучаюць беларусаў з адвакатамі і прававымі цэнтрамі.
4. Займаюцца культурніцкай дыпламатыяй, падтрымкай палітвязняў, гуманітарнымі ініцыятывамі, арганізуюць сустрэчы дыяспары і валанцёрскія праекты.
Агулам, яны сталі першым пунктам звароту для тых, хто апынуўся за мяжой без падтрымкі афіцыйных структураў.
3) Топ-3 дасягненні, якім мы найбольш ганарымся
– Праект Pashpart.org
Разам з Офісам Святланы Ціханоўскай мы запусцілі платформу Pashpart.org у першы ж тыдзень пасля ўказа №278. На сайце сабраная інфармацыя пра пашпарты замежніка, міжнародную абарону, легалізацыю, а таксама навігатар бяспечных падарожжаў і карта бяспечных краінаў для беларусаў.
– Замяняем рэжымныя амбасады
Дзякуючы даверу людзей і актыўнай працы, тэлефоны ў лукашэнкаўскіх амбасадах маўчаць: беларусы, дыпламаты, дэпутаты і арганізатары міжнародных мерапрыемстваў звяртаюцца менавіта да нас. Мы ўдзельнічаем у афіцыйных візітах, прыёмах, прадстаўляем Беларусь на пратакольных падзеях і становімся фактычнымі прадстаўнікамі краіны.
– Кейсы дапамогі беларусам
Што тычыцца канкрэтнай дапамогі людзям, то сярод найбольш значных кейсаў — спыненне незаконных спробаў дэпартацыі і экстрадыцыі, у тым ліку па запытах Інтэрпола ў Італіі і Славеніі; суправаджэнне беларусаў у працэсе атрымання пашпартоў замежніка ў Італіі, Аўстрыі, Славеніі і іншых краінах; а таксама вялікая работа па атрыманні міжнароднай абароны, дзе нам удавалася дасягаць станоўчых рашэнняў па складаных справах, напрыклад у Швецыі. Асобна ганарымся кейсам Швецыі, дзе праз працу Народнай амбасады беларусы атрымалі магчымасць заключаць афіцыйны легальны шлюб, у тым ліку аднаполыя пары, што стала ўнікальным механізмам абароны і інтэграцыі.
– Міжнародная эстафета «Галасы праз межы»
У ёй удзельнічалі больш за 20 краінаў, прайшло больш за 20 падзеяў, а прадстаўніца Народных амбасадаў прайшла 315 км у межах «Camino for Belarus». Эстафета стала найбольш маштабнай акцыяй салідарнасці для палітвязняў.
4) Ці даводзіцца адмаўляць у дапамозе? Чаму?
Іншы раз нам сапраўды даводзіцца адмаўляць, але толькі ў тых сітуацыях, дзе амбасада юрыдычна або тэхнічна абмежаваная. Напрыклад, мы не можам выдаваць нацыянальныя пашпарты, легалізаваць дакументы або прымаць рашэнні, якія належаць дзяржаўным органам. Таксама бываюць выпадкі, калі чалавек звяртаецца з запытамі, якія патрабуюць прафесійнай юрыдычнай абароны, і мы перанакіроўваем яго да адвакатаў. Бывае, што чалавек просіць зрабіць нешта, што можа паставіць яго ў небяспеку або супярэчыць правілам прымаючай краіны.
5) З якімі цяжкасцямі сутыкаліся Народныя амбасады?
Асноўная цяжкасць — праца без дыпламатычнага статусу і на валанцёрскай аснове: не хапае рэсурсаў, прафесійных ведаў і часам інструментаў для поўнага суправаджэння складаных кейсаў. Дадаюцца розніцы ў нацыянальных заканадаўствах, бюракратыя і адсутнасць адзіных правілаў для беларусаў у краінах ЕС. Часта мясцовыя органы ўлады не разумеюць, чым Народныя амбасады адрозніваюцца ад рэжымных прадстаўніцтваў, і беларусаў у цэлым усё яшчэ часта блытаюць з палітыкай афіцыйнага Мінска. Пасля пачатку расійскага нападзення на Украіну стаўленне да беларусаў у многіх краінах стала больш асцярожным, што патрабуе дадатковай тлумачальнай працы. Таксама нам складана дапамагаць у выпадках, дзе адсутнічаюць юрыдычныя інструменты, напрыклад — не існуе пашпарта замежніка.
6) Ці ўспрымаюць Народныя амбасады як прадстаўнікоў Беларусі?
Так. Калі мы тлумачым, хто мы і чаму ўзніклі — Народныя амбасады ўспрымаюць як прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі і беларускай дыяспары. У многіх краінах у нас ужо ёсць устойлівыя кантакты з парламентамі, мэрыямі, міністэрствамі, праваабарончымі арганізацыямі і культурніцкімі інстытутамі. Нас запрашаюць на афіцыйныя прыёмы, канферэнцыі, слуханні, міжнародныя сустрэчы і пратакольныя падзеі.
Мы становімся натуральнай крыніцай інфармацыі для ўрадаў, парламентарыяў і медыя пра беларускую сітуацыю.
7) Колькі зваротаў атрымліваюць Народныя амбасады?
На агульную пошту і ў чат-бот Народныя амбасады разам атрымліваюць каля 120 зваротаў у год. Акрамя агульных запытаў ёсць звароты ў НА краінаў. У залежнасці ад краіны аб’ём працы адрозніваецца: ад 10–20 зваротаў у год у невялікіх дзяржавах да больш як 100 у краінах з вялікай беларускай супольнасцю. Найчасцей людзі звяртаюцца па пытанні дакументаў, статусу міжнароднай абароны, банкаўскіх рахункаў, бяспекі, міграцыйных працэдураў і сямейных складанасцяў. Колькасць запытаў павялічваецца, бо беларусы губляюць доступ да афіцыйных консульскіх паслугаў і патрабуюць альтэрнатыўнай падтрымкі.
8) Што далей? Якія планы?
Мы плануем і далей працаваць над умацаваннем інфраструктуры беларускай прысутнасці за мяжой: адкрываць новыя прадстаўніцтвы, пашыраць сетку валанцёраў і запускаць новыя праграмы падтрымкі для беларусаў.
Сярод ключавых задачаў — развіццё і прызнанне пратэрмінаваных пашпартоў у большай колькасці краінаў, запуск ІТ-платформы Luxembourg Solutions і пашырэнне магчымасцяў Pashpart.org, каб беларусы мелі больш інструментаў для легалізацыі і бяспекі.
Асобнае месца ў нашых планах займае мара пра афлайн-амбасады ці Беларускія дамы — фізічныя прасторы з месцамі для культурніцкіх і інтэграцыйных падзеяў, бібліятэкай, курсамі беларускай мовы, і, у перспектыве, нават з магчымасцю выдаваць новы беларускі пашпарт. Мы хочам, каб у кожнай краіне было месца, дзе беларусы адчуваюць падтрымку і сваю супольнасць.
