Студзень–сакавік 2026 г.
Павел Церашковіч
дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы
Рэзюмэ
Сістэма адукацыі і навукі ў Рэспубліцы Беларусь развіваецца ва ўмовах узмацнення дзяржаўнага кантролю, палітычнай індактрынацыі і хранічнага недафінансавання. Праграма «Беларусь Інтэлектуальная» фармальна замацоўвае прыярытэт адукацыі, аднак на практыцы суправаджаецца абмежаваннем доступу да вышэйшай адукацыі, мілітарызацыяй падрыхтоўкі кадраў і далейшым узмацненнем адміністрацыйнага ціску на вучняў і выкладчыкаў. Працягваюцца рэпрэсіі ў акадэмічным асяроддзі, скарачаецца колькасць выкладчыкаў з навуковымі ступенямі і фактычна знішчаецца недзяржаўны сектар адукацыі. Навука застаецца ў глыбокім крызісе з прычыны нізкага ўзроўню фінансавання і неэфектыўнага кіравання, нягледзячы на наяўнасць асобных пазітыўных ініцыятываў. На фоне міжнароднай ізаляцыі ўнутры краіны за мяжой актыўна фарміруецца беларуская адукацыйная і навуковая дыяспара, якая праз школы, нефармальную адукацыю, даследчыя сеткі і канферэнцыі садзейнічае захаванню беларускай мовы, навукі і акадэмічнай супольнасці на эміграцыі.
Адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь
Дзяржаўная палітыка ў сферы адукацыі
У студзені 2026 г. была апублікавана дзяржаўная праграма «Беларусь Інтэлектуальная», якая вызначае «асноўныя напрамкі дзейнасці па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі» на 2026-2030 гады. Нягледзячы на дэклараванне адукацыі прыярытэтам нумар два ў іерархіі задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, яго фінансаванне як раней будзе ажыццяўляцца па рэшткавым прынцыпе. Агульны аб’ём на 5 гадоў складае 6,4 млрд рублёў (1,87 млрд еўра). Гэта менш за 20% ад сумы выдаткаў на сілавыя структуры. Адной з інавацыяў праграмы з’яўляецца прымусовае напраўленне не менш за 50% выпускнікоў 9-х класаў у прафесійныя і сярэднія спецыялізаваныя навучальныя ўстановы. Такая мера істотна абмяжоўвае магчымасці моладзі да доступу да вышэйшай адукацыі.
Адлюстраваннем нарастаючай тэндэнцыі на мілітарызацыю адукацыі стала стварэнне адукацыйнага цэнтра падрыхтоўкі кадраў для перспектыўных абласцей — праекта пад умоўнай назвай «беларускі Гарвард». Відавочна, што цэнтр будзе арыентаваны на падрыхтоўку адмыслоўцаў для працы пераважна ў ваенна-прамысловым комплексе. Прыярытэтамі яго стануць: авіябудаванне (перш за ўсё БПЛА), лічбавыя тэхналогіі, робататэхніка, хімічная і біятэхналогія. Міністр адукацыі А. Іванец у сваіх каментарах падкрэсліў, што стварэнне цэнтра стане працягам траекторыі навучання інжынерных кадраў, у тым ліку Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк і спецыялізаваныя інжынерныя класы ў сярэдніх школах.
Адным з нямногіх пазітыўных момантаў трэба адзначыць стварэнне аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы ў сферы адукацыі. Прадугледжваецца, што яна дасць магчымасць сфарміраваць адзіную інфармацыйную прастору, забяспечыць аўтаматызацыю ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў, арганізацый, адукацыйных устаноў і іншых суб’ектаў адукацыйных адносін. Ёсць спадзяванне, што гэта прывядзе да зніжэння справаздачнай нагрузкі на выкладчыкаў і настаўнікаў.
Палітычная індактрынацыя
Палітычная індактрынацыя працягвае заставацца найважнейшай тэндэнцыяй у развіцці сферы адукацыі ў пачатку 2026 г. Гэтаму напрамку надаецца настолькі вялікае значэнне, што яго кантролем сталі займацца структуры пракуратуры. У прыватнасці ў лютым 2026 г. Мінская абласная пракуратура правяла праверку і выявіла шэраг парушэнняў у арганізацыі грамадзянска-патрыятычнага выхавання школьнікаў. Такое ўмяшанне сілавых структур у адукацыйны працэс адлюстроўвае агульную тэндэнцыю да ўзмацнення татальнага кантролю дзяржавы над навучэнцамі і настаўнікамі.
Рэпрэсіі
Нягледзячы на вызваленне 19 сакавіка 2026 г. шэрагу знакавых прадстаўнікоў супольнасці выкладчыкаў, лектараў, навукоўцаў і экспертаў, уключаючы Валерыю Касцюгову, спіс асобаў з гэтай групы, якія сутыкнуліся з рознымі формамі абмежавання волі, працягвае павялічвацца і складае 25 чалавек.
Публікацыя праграмы «Беларусь Інтэлектуальная» дазваляе ацаніць маштаб рэпрэсіяў у сістэме вышэйшай адукацыі. Гэта бачна па беспрэцэдэнтным зніжэнні долі выкладчыкаў з навуковымі ступенямі ў 2020-2024 гадах: з 47,3% да 40%. У абсалютных лічбах гэта азначае скарачэнне колькасці выкладчыкаў з навуковымі ступенямі прыкладна на 2700 чалавек, ці на 28,5%.
Рэжым актыўна выкарыстоўвае тактыку псіхалагічнага тэрору ў адносінах да студэнтаў і школьнікаў старэйшых класаў. Адной з яе формаў становяцца выязныя пасяджэнні судоў у навучальных установах. У лютым 2026 г. падобнае паседжанне адбылося ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце, на якім у прысутнасці студэнтаў разглядалася справа аб ухіленні ад вайсковай службы. Усё часцей на такіх працэсах падсудных абвінавачваюць у «палітычных артыкулах».
Знішчэнне недзяржаўнага сектара адукацыі
Рэжым Лукашэнкі праводзіць настойлівую палітыку ліквідацыі недзяржаўнага сектара адукацыі.
У сакавіку 2026 г. было абвешчана аб закрыцці Інстытута парламентарызма і прадпрымальніцтва. Ён пачаў сваю працу ў 1993 годзе. У 2017 годзе ў інстытуце навучалася 1100 студэнтаў і працавала 80 штатных выкладчыкаў. У 2024 годзе Міністэрства адукацыі не ўзгадніла план прыёму ў інстытут, што і прывяло да яго закрыцця. Студэнтаў перавялі ў іншыя ўніверсітэты. Аб лёсе выкладчыкаў нічога невядома.
Яшчэ адным крокам у гэтым напрамку стала распрацоўка законапраекта аб абавязковым ліцэнзаванні праграм дадатковай адукацыі для дзяцей і моладзі. Гэта азначае адмену дэкларатыўнага прынцыпу для тых, хто навучае дзяцей па-за школай і адносіцца да моўных курсаў, мастацкіх студый, школ праграмавання, розных гурткоў і г. д. У абгрунтаванні адпаведнага законапраекта гаворыцца, што адсутнасць ліцэнзавання ў сферы дадатковай адукацыі стварае рызыкі для сацыяльнага забеспячэння і супярэчыць канцэпцыі грамадзянскай бяспекі.
Міжнародныя адносіны
Спецыялізаваная выстаўка «Адукацыя і кар’ера» ў лютым 2026 года стала сведчаннем міжнароднай ізаляцыі Беларусі ў гэтай сферы. Акрамя беларускіх былі прадстаўлены каля 10 расійскіх універсітэтаў і стэнд адыёзнай арганізацыі «Россупрацоўніцтва».
У сакавіку 2026 года падчас візіту Лукашэнкі было падпісанае пагадненне паміж міністэрствамі адукацыі Беларусі і Паўночнай Карэі. Гэта яшчэ адзін крок рэжыму Лукашэнкі да ўсталявання супрацоўніцтва з самымі адыёзнымі аўтарытарнымі рэжымамі нашага часу. У мінулым годзе аналагічныя кантакты мелі месца з рэжымам талібаў у Афганістане і ваеннай хунтай у М’янме.
Навука ў Рэспубліцы Беларусь
Сфера навуковых даследванняў застаецца ў стане глыбокага крызісу. Найважнейшымі прычынамі яго з’яўляецца хранічна нізкі ўзровень фінансавання (0,5 працэнта ад ВУП) і вельмі неспрыяльныя ўмовы па паказчыках сацыяльнага асяроддзя і агульнага ўзроўню кіравання, па якіх Беларусь займае адпаведна 85 і 131 месца ў Глабальным індэксе ведаў. Правалы ў сферы навуковых даследаванняў прызнаныя нават рэжымам Лукашэнкі. Прапануюцца праекты рэфармавання гэтай сферы, аднак яны не мяняюць прынцыпаў дзяржаўнага кіравання і фінансавання.
Сярод нямногіх пазітыўных прыкладаў у сферы навукі трэба адзначыць адкрыццё Лабараторыі структурнай і функцыянальнай біялогіі бялкоў у Беларускім дзяржаўным універсітэце ў лютым 2026 г. Лічыцца, што лабараторыя не мае аналагаў у былым СССР. Адной з формаў практычнага прымянення лабараторыі з’яўляецца так званая «персаналізаваная медыцына», калі даследаванні дазваляюць падбіраць лячэнне на аснове бялковага профілю канкрэтнага пацыента, вызначаць форму тэрапіі і лекі, прыдатныя для ўнікальнага выпадку.
Яшчэ адзін пазітыўны прыклад — запуск інтэрнэт-партала беларускіх казак у аўтэнтычных аўдыёзапісах у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аснову яго складаюць вынікі навуковых экспедыцыяў канца 1960-х да 2000-х гадоў. Стварэнне партала — перш за ўсё заслуга саміх навукоўцаў, іх энтузіязму і адданасці навуцы. Калекцыя беларускай фальклорнай спадчыны з’яўляецца адной з найбагацейшых у Еўропе.
Беларуская адукацыя і навука за мяжой
Адукацыйныя інстытуцыі і праекты.
Сфера фармальнай беларускай адукацыі за мяжой прадстаўлена абмежаванай колькасцю ўстаноў. Гэта найперш школы беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы і Літве.
Сярод значных падзей у гэтай сферы неабходна згадаць грамадскую кампанію ў падтрымку гімназіі ім. Ф. Скарыны ў Вільнюсе ў студзені 2026 г. у падтрымку выкладання на беларускай мове. Нагодай для грамадзянскай мабілізацыі стала падрыхтоўка рашэння паводле якога дзеці мігрантаў, якія пачынаюць навучанне ў пачатковай школе, павінны вучыцца выключна ў навучальных установах з літоўскай мовай навучання. Беларуская грамадскасць успрыняла такі падыход як пагрозу захаванню дзейнасці гімназіі ім. Ф. Скарыны ў Вільнюсе. Скаардынаваныя дзеянні прывялі да прыняцця асобнага рашэння па гімназіі, якое дазваляе залічэнне дзяцей-мігрантаў у беларускамоўныя пачатковыя школы.
Сярод пазітыўных момантаў трэба таксама згадаць Алімпіяду па беларускай мове ў Польшчы, у якой прынялі ўдзел старшакласнікі з Бельска-Падляскага, Хайнаўкі і Беластока. Алімпіяда па беларускай мове — адзіная ў Польшчы, прысвечаная мовам нацыянальных меншасцяў. Яна праводзіцца з 1994 года кафедрай беларускіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта.
У сферы нефармальнай адукацыі варта асабліва падкрэсліць актыўнасць Беларускага даследчага ўніверсітэта імя Астафея Валовіча, зарэгістраванага летась у Польшчы як грамадскае аб’яднанне. У пачатку 2026 г. універсітэт значна ўмацаваў сваю прысутнасць у грамадскай прасторы. Сябры ініцыятывы правялі серыю публічных лекцыяў у гарадах Польшчы і Літвы. Такім чынам, быў унесены значны ўклад у фарміраванне акадэмічнай інфраструктуры Беларусі ў выгнанні.
Навуковая інфраструктура і даследаванні
Значнай падзеяй стала публікацыя агляду публікацыяў за 2025 год у галіне беларусазнаўства за мяжой.). Ён быў падрыхтаваны Сеткай міждысцыплінарнага вывучэння Беларусі H-Беларусь, створаная ў 2025 годзе.
Круглы стол «Нябачныя людзі: як адаптуюцца сем’і беларускіх мігрантаў у Літве і якія палітычныя ўрокі можна атрымаць з іх жыццёвых гісторый» адбыўся ў студзені 2026 года ў Інстытуце сацыялогіі Літоўскага цэнтра сацыяльных навук у Вільнюсе. На ім была прадстаўлена падрабязная праца, праведзеная групай беларускіх сацыёлагаў пры падтрымцы гранта праграмы EU4Belarus–SALT (Падтрымка павышэння кваліфікацыі і навучання).
Навуковыя семінары і канферэнцыі
Навуковыя семінары і канферэнцыі сталі найбольш яскравай формай праявы навуковай актыўнасці беларускіх вучоных, якія апынуліся ў вымушанай эміграцыі.
Серыя семінараў, прысвечаных стану гістарычных даследаванняў Беларусі за мяжой і становішчу гісторыкаў прайшла ў пачатку 2026 г. пры падтрымцы праграмы Еўрапейскага Саюза EU4BELARUS: Падтрымка павышэння кваліфікацыі і навучання (SALT II). Удзельнікі абмеркавалі стан, ключавыя выклікі і перспектывы развіцця беларускай гістарычнай навукі ў эміграцыі, а таксама ўмацаванне экспертнага дыялогу і наладжвання сувязей паміж прадстаўнікамі беларускай акадэмічнай і інтэлектуальнай супольнасці за межамі краіны. Асобна былі закрануты пытанні інтэграцыі ў еўрапейскую акадэмічную прастору, у тым ліку ў Польшчы, Літве, Германіі, Чэхіі і Ірландыі. Адзначана, што на эміграцыі аказалася больш за 100 прафесійных гісторыкаў. Умовы іх інтэграцыі і захаванні ў прафесіі моцна адрозніваюцца ў залежнасці ад краіны знаходжання.
Штогадовы экспертны семінар па літоўска-беларускіх адносінах адбыўся ў сакавіку 2026 г. у Вільнюсе, у якім прынялі ўдзел беларускія і літоўскія эксперты і палітыкі. У ходзе семінара было прадстаўлена сацыялагічнае даследаванне аб адносінах жыхароў Літвы да беларусаў, а таксама абмяркоўвалася шырокае кола пытанняў, у тым ліку: агляд стану беларуска-літоўскіх адносін, міграцыйныя праблемы, стаўленне да літвінізму і захаванне архітэктурнай спадчыны эпохі Вялікага княства Літоўскага. Асобнае паседжанне было прысвечана перспектывам стварэння сумеснай гістарычнай камісіі.
Канферэнцыя «Навукова абгрунтаваны шлях інтэграцыі Беларусі ў ЕС» прайшла ў лютым 2026 г. у Вільнюсе. На ёй былі прадстаўлены вынікі мадэлявання розных сцэнарыяў эканамічнага развіцця Беларусі пасля яе верагоднага ўступлення ў Еўрапейскі Саюз. Агульная выснова заключалася ў тым, што беларуская эканоміка мае шанц пераадолець непазбежныя цяжкасці, якія ўзнікнуць у гэтым выпадку. Уплыў уступлення ў ЕС па-рознаму адаб’ецца на асобных сектарах. Але пасля пераходнага перыяду, на думку даследчыкаў, беларуская эканоміка будзе дэманстраваць устойлівы рост. У той жа час захаванне цяперашняй эканамічнай мадэлі прывядзе да эканамічнай стагнацыі і адставання ад суседзяў. Канферэнцыя была арганізавана міжнароднай даследчай сеткай FREE Network (Форум даследаванняў ва Усходняй Еўропе) пры падтрымцы Швецыі і ЕС.
Заключэнне
Развіццё сістэмы адукацыі і навукі ў Рэспубліцы Беларусь у пачатку 2026 года характарызуецца ўстойлівым узмацненнем аўтарытарных практык кіравання, якія суправаджаюцца палітычнай індактрынацыяй, рэпрэсіямі і хранічным недафінансаваннем. Нягледзячы на абвяшчэнне адукацыі як аднаго з прыярытэтаў сацыяльна эканамічнага развіцця ў рамках праграмы «Беларусь Інтэлектуальная», фактычная палітыка дзяржавы накіравана на абмежаванне доступу да вышэйшай адукацыі, мілітарызацыю падрыхтоўкі кадраў і далейшае падпарадкаванне адукацыйнай сферы задачам сілавога і ідэалагічнага характару.
Ключавой структурнай рызыкай застаецца дэградацыя акадэмічнай супольнасці, якая выяўляецца ў масавым скарачэнні выкладчыкаў з навуковымі ступенямі, разбурэнні недзяржаўнага сектара адукацыі і фармаванні атмасферы страху і ціску ў навучальных установах. Гэтыя працэсы падрываюць якасць адукацыі і пазбаўляюць краіну здольнасці да ўстойлівага развіцця і інавацый. Узмацненне ўмяшання сілавых структур у адукацыйны працэс сведчыць аб трансфармацыі адукацыі ў інструмент палітычнага кантролю, а не грамадскага развіцця.
Навуковая сфера знаходзіцца ў глыбокім сістэмным крызісе, выкліканым нізкім узроўнем фінансавання і неэфектыўнай мадэллю дзяржаўнага кіравання. Але нават прызнанне існуючых праблем на афіцыйным узроўні не прыводзіць да змястоўных рэформаў, якія закранаюць базавыя прынцыпы функцыянавання навукі. Асобныя пазітыўныя ініцыятывы ў галіне высокіх тэхналогіяў і захавання культурнай спадчыны носяць кропкавы характар і шмат у чым рэалізуюцца за кошт прафесійнага энтузіязму вучоных, а не дзякуючы мэтанакіраванай дзяржаўнай падтрымцы.
На фоне міжнароднай ізаляцыі краіны асаблівае значэнне набывае развіццё беларускай адукацыі і навукі за мяжой. Фарміраванне адукацыйнай і навуковай дыяспары, пашырэнне нефармальнай адукацыі, а таксама актыўнасць даследчых сетак, семінараў і канферэнцыяў у краінах ЕС садзейнічаюць захаванню беларускай мовы, акадэмічных традыцыяў і прафесійных суполак ва ўмовах эміграцыі. Гэтыя ініцыятывы фарміруюць альтэрнатыўную інфраструктуру ведаў і ствараюць задзел для будучага аднаўлення і рэінтэграцыі беларускай навукі і адукацыі ў еўрапейскую акадэмічную прастору пры змяненні палітычных умоў.
Рэкамендацыі
Для незалежных медыя і медыя дэмакратычных сіл
- Сістэмна асвятляць крызіс адукацыі і навукі як грамадскую, а не вузкапрафесійнай праблему. Важна паказваць доўгатэрміновыя сацыяльна-эканамічныя наступствы дэградацыі акадэмічнай супольнасці і мілітарызацыі адукацыі.
- Даваць голас акадэмічнай дыяспары. Рэгулярная прысутнасць вучоных, выкладчыкаў і экспертаў з эміграцыі ў медыяпрасторы садзейнічае захаванню прафесійнай ідэнтычнасці і даверу да альтэрнатыўнай экспертызы.
- Пазбягаць нармалізацыі рэпрэсіяў. Медыям рэкамендуецца паслядоўна называць палітычную індактрынацыю і ціск у адукацыйнай сферы сваімі імёнамі, не зводзячы іх да «прыватных парушэнняў» або бюракратычных збояў.
Для кіраўніцтва дэмакратычных сіл Беларусі
- Зафіксаваць адукацыю і навуку як стратэгічны прыярытэт дэмакратычных рэформаў. У публічных праграмах і канцэпцыях неабходна дакладна пазначыць дэпалітызацыю адукацыі, аднаўленне акадэмічных свабод і аўтаноміі ўніверсітэтаў як ключавыя элементы будучай трансфармацыі краіны.
- Падтрымліваць і інстытуцыяналізаваць акадэмічную дыяспару. Варта разглядаць адукацыйныя і навуковыя ініцыятывы ў эміграцыі не як часовую з’яву, а як задзел для будучага аднаўлення сістэмы адукацыі і навукі ў Беларусі, уключаючы распрацоўку «дарожных карт» рэінтэграцыі спецыялістаў.
- Уключаць пытанні рэпрэсіяў у адукацыі ў парадак дня міжнароднага дыялогу. Абарона выкладчыкаў, навукоўцаў і студэнтаў павінна стаць самастойным трэкам праваабарончай і знешнепалітычнай дзейнасці дэмакратычных сіл.
Для палітычных партнёраў дэмакратычных сіл за мяжой
- Разглядаць беларускую адукацыю і навуку як частку еўрапейскай прасторы. Падтрымка інтэграцыі акадэмічнай дыяспары ва ўніверсітэты ЕС узмацняе не толькі беларускую супольнасць, але і краіны, якія прымаюць.
- Садзейнічаць стварэнню сумесных даследчых і адукацыйных фарматаў. Канферэнцыі, семінары і сумесныя праекты дазваляюць пазбегнуць маргіналізацыі беларускай экспертызы.
- Захоўваць ізаляцыю афіцыйных структур Беларусі. Любыя адукацыйныя і навуковыя кантакты з дзяржаўнымі інстытутамі рэжыму павінныя разглядацца крытычна з пункту гледжання рызык легітымацыі рэпрэсіўнай палітыкі.
Для міжнародных донараў
- Перанос фокусу ад разавых праектаў да ўстойлівых акадэмічных структур. Падтрымка доўгатэрміновых праграм, даследчых сетак, нефармальных універсітэтаў і адукацыйных платформаў у выгнанні мае сістэмны эфект.
- Інвеставаць у чалавечы капітал, а не толькі ў інстытуцыі. Стыпендыі, гранты мабільнасці, падтрымка публікацыяў і ўдзелу ў міжнародных канферэнцыях дазваляюць захаваць прафесійны ўзровень беларускіх вучоных.
- Улічваць палітычны кантэкст. Праграмы дапамогі павінны зыходзіць з таго, што ўнутры Беларусі адукацыйная і навуковая сфера знаходзіцца пад жорсткім дзяржаўным кантролем і не здольная да аўтаномнага развіцця.
